Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманага блогера Ціханоўскага і яго паплечнікаў перавялі ў менскі сьледчы ізалятар

абноўлена

Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Жонка затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага кажа, што ейны муж у СІЗА на Валадарскага, там яму прынялі перадачу.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Днём раней Сьвятлана Ціханоўская прывезла мужу перадачу ў менскі ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, але там ёй сказалі, што Сяргей Ціханоўскі ў СІЗА № 1 на Валадарскага. А ў СІЗА ёй заявілі, што такі да іх не паступаў. Сьледчыя не адказваюць на тэлефанаваньні.

Ператрусу ў Ціханоўскіх пакуль не было. Адвакат даў падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» адзначае: днём 2 чэрвеня стала вядома, што на Валадарскага перавезены Вяргілій Ушак, 3 чэрвеня — што там жа Яўген Разьнічэнка і Аляксандар Арановіч. Днём раней таксама стала вядома, што з горадзенскага ізалятара на Акрэсьціна перавялі Арцёма Сакава. Лёс астатніх пакуль высьвятляецца.

Адвакат Зьмітра Фурманава кажа, што супрацоўнікі МУС зьбівалі затрыманага. Вяргілій Ушак у зьняволеньні абвясьціў галадоўку.

Каго і ў чым менавіта вінавацяць, невядома дагэтуль.

Як расказала дзяўчына затрыманага Сяргея Калмыкова Ірына Федарэнка, ад дзяржаўнага адваката яна даведалася, што ейнага хлопца перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Напярэдадні ў іхняй найманай кватэры ў Горадні, а таксама ў бабулі Сяргея ў Мастоўскім раёне былі ператрусы. З ордэру на ператрус Ірына даведалася, што Калмыкоў — падазраваны ў крымінальнай справе па ч. 3 арт. 364 Крымінальнага кодэксу.

Саму Федарэнку выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт як сьведку 3 чэрвеня. Зь ейных слоў, на допыце, які доўжыўся больш за 2 гадзіны, яна падрабязна расказвала пра тое, што яны зь Сяргеем рабілі 29 траўня. На допыце да яе ставіліся нармальна, зьвярнулі ўвагу на тое, што напярэдадні яна давала інтэрвію мэдыя.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG