Дзяўчына затрыманага па «справе Ціханоўскага» Сяргея Калмыкова расказала Свабодзе пра затрыманьне і ператрус у іхнай кватэры.
Затрыманьне. «Узялі тых, хто бліжэй»
Ірына Федарэнка і Сяргей Калмыкоў былі на Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня. Гэта была іхная першая ў жыцьці палітычная акцыя. Раней яны не цікавіліся палітыкай, нават не хадзілі на імпрэзы кшталту сьвяткаваньня #БНР-100. Яны прыйшлі літаральна за 10 хвілін да таго, як пачаліся затрыманьні. Па словах Ірыны, «гэтыя жанчыны ўжо бегалі за Ціханоўскім».
Але маладыя людзі не зьвярнулі на гэта асаблівай увагі. Яны яшчэ ня вырашылі, за якога патэнцыйнага кандыдата ставіць подпіс.
«Мы стаялі на парапэце. Падумалі станавіцца ў чаргу за Сьвятлану [Ціханоўскую]. Яны акурат тады падбеглі, увесь гэты сьвіст, гам. Мы паглядзелі, што там нешта адбываецца, і адышлі далей, каб нічога сур’ёзнага для нас не было. Убачылі, што надта шмат людзей з АМАПу, і пачалі адыходзіць, бо мы баяліся, што нам нешта зробяць», — расказвае Ірына.
Аказалася, што акурат да таго месца, куды адыходзілі маладзёны, пад’ехаў чырвоны аўтобус. Адным зь першых АМАП затрымаў Сяргея Калмыкова.
«Яны выскачылі з аўтобуса і бралі ўсіх спрэс. Яны не разьбіралі. Узялі 17-гадовага. Узялі тых, хто бліжэй, бо ведалі, што народ пачне адбіваць гэтых людзей. Яны бралі тых, каго можна было за 2 сэкунды дацягнуць да аўтобуса і закінуць туды», — эмацыйна ўспамінае дзяўчына.
На яе думку, адмыслова выбіралі мужчын. Ірына падбегла да аўтобуса, пачала крычаць, каб узялі і яе, але яе не чапалі.
У Сяргея дзяржаўны адвакат, якога яму далі.
Ператрус. «Я раней глядзела такія дэтэктывы»
Увечары каля 19:00 1 чэрвеня ў горадзенскай найманай кватэры, дзе жылі Сяргей і Ірына, праходзіў ператрус. Прыйшлі адзін сьледчы, два амапаўцы, двое панятых не з суседзяў і «чалавек, які праводзіў ператрус». Ірына папрасіла ўсіх паказаць пасьведчаньні, прачытала ордэр на ператрус і толькі тады прапусьціла іх у кватэру.
«Я раней глядзела такія фільмы, дэтэктывы», — тлумачыць дзяўчына, адкуль яна ведала, як сябе паводзіць.
Як убачыла Ірына з ордэра на ператрус, Сяргей Калмыкоў — падазраваны ў крымінальнай справе па ч. 3 арт. 364 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Ператрус цягнуўся дзьве гадзіны.
«Пакуль я не пачала здымаць на камэру, яны пераварочвалі ўсё. Выцяжку ледзь не зламалі. Шукалі ўсё, нават у маёй ніжняй бялізьне, шукаў мужчына... Казалі: „Вы на відэа нічога ня маеце права здымаць“. Я ім кажу: „Я дома, маю права рабіць што хачу“», — узгадвае суразмоўніца.
Яна кажа, што ператрэсьлі ўсе шафы на кухні, у пакоі, нават сьметніцу. Шукалі тэхніку, дакумэнты і ўлёткі, зьвязаныя зь Ціханоўскім. Пасьля таго як дзяўчына пачала весьці відэаздымку, яна заўважыла, што да рэчаў сталі ставіцца больш ашчадна, класьці іх назад у шафы.
Забралі старыя кнопачныя тэлефоны і флэшку Ірыны. Іншай тэхнікі дома не было.
Наколькі ведае Ірына, у той жа дзень прайшоў ператрус у бабулі Сяргея ў вёсцы ў Мастоўскім раёне, дзе хлопец прапісаны. У бабулі хворае сэрца.
Наколькі ведае Ірына, неўзабаве Сяргея перавязуць у Горадню.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.