Нафта Brent таргуецца амаль за 39 даляраў, а на WTI узьнялася вышэй за 35. Цэны растуць у чаканьні падаўжэньня скарачэньня аб’ёмаў нафтаздабычы краінамі OPEC+.
Дзяржавы – экспартэры нафты разьлічваюць падоўжыць дамоўленасьці наконт скарачэньня амаль на 10 млн барэляў штосуткі на 1-2 месяцы. Гэтае пытаньне будзе разглядацца падчас відэаканфэрэнцыі 4 чэрвеня.
Краіны OPEC+ у сярэдзіне красавіка дамовіліся скараціць нафтаздабычу пасьля таго, як на фане распаўсюду каранавірусу і мінімізацыі эканамічнай актыўнасьці цэны абваліліся, а некаторыя гатункі апусьціліся да мінусавой адзнакі.
У траўні-чэрвені зьніжэньне складзе 9,7 млн барэляў штодзень, ад ліпеня да канца 2020 году — 7,7 млн барэляў. Да траўня 2022-га — 5,7 млн барэляў.
Дзякуючы такім захадам, у траўні сырая нафта падаражэла больш як на 80%. Паспрыялі скарачэньне здабычы і паступовае аднаўленьне попыту на нафту.
На фоне росту нафтавых цэнаў умацоўваецца беларускі рубель, прывязаны ў валютным кошыку Нацбанку да рубля расейскага. Гатунак Urals у канцы траўня прадаваўся больш як за 31 даляр за барэль, хоць у красавіку цана складала 18 даляраў. Рост адразу на 70%.
На гэтых навінах даляр і эўра паступова таньнеюць на біржах у Маскве і Менску. Максымальнай адзнакі амэрыканская валюта дасягнула 23 сакавіка, калі вырасла адразу на 8 капеек — да 2,6396 рубля. Гэта найгоршы паказьнік за ўвесь час існаваньня беларускай грашовай адзінкі. Эўра тады прыбавіў 6 капеек, да 2,83 рубля.
Па выніках таргоў 2 чэрвеня даляр зафіксаваўся на ўзроўні 2,3981 рубля. Такім чынам, вяртаньне за два з паловай месяцы — амаль 25 капеек. Страты эўра за гэты час крыху меншыя — 15 капеек. На гэты момант курс эўрапейскай валюты складае 2,6734 рубля.
Расейскі рубель падрос больш як на 3 капейкі: да 3,4793 за 100 адзінак.