Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея пераацаніла залежнасьць Менску»: на Захадзе камэнтуюць продаж амэрыканскай нафты Беларусі


Амэрыканскія экспэрты ў інтэрвію «Голасу Амэрыкі» пракамэнтавалі пастаўкі амэрыканскай нафты ў Беларусь.

Былы амбасадар ЗША ў Беларусі і навуковы супрацоўнік Інстытуту Кэнана Кэнэт Ялавіц адзначае, што бакі пакуль не абвясьцілі пра шэраг дэталяў: ці зьяўляецца дадзеная пастаўка аднаразовай і па якім кошце закупленая нафта. Таму даць паўнавартасную ацэнку сытуацыі складана. Тым ня менш, амбасадар вітае гэты крок, нароўні з аднаўленьнем паўнавартасных дыпляматычных адносінаў паміж дзьвюма краінамі.

У канцы красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп намінаваў на пасаду амбасадара ў Беларусі намесьніка памочніка дзяржсакратара ЗША Джулі Фішэр. Яна павінна прайсьці зацьвярджэньне Сэнату.

«Я б не назваў гэта нармалізацыяй адносінаў, — кажа Ялавіц. — Але дыялёг лепш за канфрантацыю. І я думаю, што гэта канструктыўныя, карысныя крокі ў гэтым накірунку».

У апошні час Расея ўзмацніла ціск на Беларусь. Масква прыпыняла пастаўкі энэрганосьбітаў, а таксама пазбавіла Беларусь значных ільготаў.

«Лукашэнка па-ранейшаму мае патрэбу ў раейскіх пастаўках велізарнай колькасьці сырой нафты для падтрыманьня працы сваіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Ці бачыць ён Злучаныя Штаты ў якасьці магчымага пастаўшчыка ў будучыні? Мы ня ведаем. Але я сумняюся, што цана, якую ён плаціць за амэрыканскую нафту, будзе меншай, чым цана за расейскую, — дадае Кэнэт Ялавіц. — Таму я разглядаю гэтую пастаўку як невялікі, але цікавы крок наперад у дыялёгу ЗША і Беларусі».

Навуковы супрацоўнік Міжнароднага ўнівэрсытэту штату Флёрыда і былы памочнік дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага Дэйвід Крэймэр адзначае, што перавозка нафты танкерамі з Мэксыканскай затокі ў Балтыйскае мора «ня будзе самым хуткім і танным спосабам атрыманьня энэрганосьбітаў са Злучаных Штатаў».

«Гэта выкананьне абяцаньняў дзяржсакратара Пампэо, якія ён даў падчас яго візыту ў Менск у лютым, сказаўшы, што Злучаныя Штаты могуць дапамагчы Беларусі зьменшыць залежнасьць ад Расеі ў энэргетыцы», — дадаў Крэймэр. На яго думку, гэта хутчэй сымбалічны крок.

Дэйвід Крэймэр выказаў шкадаваньне адносна таго, што Дзярждэпартамэнт ЗША праігнараваў праблемы адсутнасьці дэмакратыі і парушэньня правоў чалавека ў паведамленьні пра пастаўку нафты Беларусі: «Лукашэнка рыхтуецца да жнівеньскіх выбараў, у якіх па сутнасьці ня зможа ўдзельнічаць ніхто з апазыцыйных кандыдатаў. Ён узмацняе ціск на апазыцыйных журналістаў. Але, падобна, гэтым пытаньням не надаецца шмат увагі. У заяве Дзярждэпартамэнту гаворыцца пра жаданьне ўсталяваць адносіны, заснаваныя на камэрцыйных каштоўнасьцях, вольным прадпрымальніцтве, вяршэнстве закону і празрыстых, свабодных ад карупцыі зьдзелках. Але ў Беларусі няма вяршэнства закону. Там ёсьць кіраваньне Лукашэнкі».

Дырэктар праграмаў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы нямецкага фонду Маршала Ёрг Форбрыг лічыць, што Менск хоча прадэманстраваць Маскве, што калі льготныя пастаўкі расейскай нафты ня будуць адноўленыя, то беларускі імпарт будзе дывэрыіфікаваны.

«Беларусь ужо заключыла кантракты на пастаўкі нафты з Нарвэгіі і Саудаўскай Арабіі, абмяркоўвала пастаўкі з Казахстану, і цяпер яна ўпершыню атрымае амэрыканскую нафту. Гэтыя дзеяньні служаць дзьвюм мэтам. Адна зь іх — сымбалічная, Беларусь спрабуе паказаць Расеі, што маецца шэраг магчымых альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. Другая — тэхнічная, бо новыя пастаўкі тэстуюць жыцьцяздольнасьць розных крыніцаў, маршрутаў і марак нафты», — кажа Форбрыг.

Дырэктар Глябальнага энэргетычнага цэнтру Атлянтычнай Рады Рэндалф Бэл лічыць, што Расея пераацаніла ступень залежнасьці Беларусі ад расейскага імпарту: «Гэта дазваляе выказаць здагадку, што Беларусь хоча даць зразумець Расеі, што яе рычагі ўплыву абмежаваныя, асабліва ў сытуацыі, калі на сусьветным рынку маецца лішак нафты».

«ЗША лічаць гэта перамогай. Гэта паказвае, што ЗША сур’ёзна ставяцца да выкарыстаньня энэргіі ў якасьці геапалітычнага інструмэнту», — кажа Рэндалф Бэл, адзначыўшы, што гэты крок сьведчыць аб тым, што ў адміністрацыі ЗША пераважаюць тыя, хто займае цьвёрдыя пазыцыі ў адносінах да Расеі і падтрымлівае санкцыйную палітыку.

«Расея на працягу многіх гадоў была здольная выкарыстоўваць пастаўкі нафты ў якасьці рычага ўзьдзеяньня на Беларусь у абмен на палітычную адданасьць, — нагадвае калега Рэндалфа Бэла з Атлянтычнай Рады Вольга Хакава. — Адносіны паміж Расеяй і Беларусьсю сапсаваліся празь немагчымасьць дасягнуць пагадненьня па ўмовах больш глыбокай двухбаковай інтэграцыі. Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Зьніжэньне паставак дасягала 90% у канцы сьнежня-пачатку студзеня».

Напярэдадні Злучаныя Штаты заявілі, што ўпершыню адпраўляюць сырую нафту ў Беларусь. У заяве дзяржсакратара Майка Пампэо, у прыватнасьці, гаворыцца, што ў арганізацыі гэтай угоды, якая была заключаная на конкурснай аснове, удзельнічалі амэрыканская энэргетычная трэйдынгавая кампанія United Energy Trading пры спрыяньні амэрыканскай кампаніі Getka і польскай кампаніі UNIMOT.

Паводле Пампэо, пачатак паставак амэрыканскай нафты «умацоўвае сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, дэманструе, што Злучаныя Штаты гатовыя даць гандлёвыя магчымасьці амэрыканскім кампаніям, зацікаўленым ва ўваходжаньні на беларускі рынак», і зьяўляецца сьведчаньнем таго, што ЗША «выконваюць абавязацельствы, узятыя перад Беларусьсю ў лютым», калі дзяржсакратар сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей «з задавальненьнем» пацьвердзіў факт пачатку паставак. Канцэрн «Белнафтахім» паведаміў, што танкер даставіць 80 тысячаў тонаў нафты з Бомонту, штат Тэхас, у Клайпеду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG