Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Аркуш: «На дзень народзінаў я запрасіў Скарыну, Баршчэўскага, Ластоўскага і Васючэнку»


Алесь Аркуш
Алесь Аркуш

28 траўня сьвяткуе сваё шасьцідзесяцігодзьдзе паэт, празаік, выдавец, заснавальнік Таварыства вольных літаратараў і каардынатар прэміі «Гліняны Вялес» Алесь Аркуш.

З кім браўся ў рожкі? Хто сьпявае гімн Полацку? Што пішацца ў час пандэміі? На гэтыя ды іншыя пытаньні Валянціны Аксак адказвае імяніньнік.

— Спадар Алесь, віншую з шасьцідзясятай вясною! Як пачуваецеся ў гэты дзень і час?

— Пачуваюся звычайна, безь якой-кольвечы «юбілейшчыны». Але гэтая каранавірусная шызафрэнія ўжо прытаміла нашу сям’ю. Жонка Тацяна і сын Даніла — людзі камунікабэльныя, ім цяжка без сустрэчаў зь сябрамі, кантактаваньня са знаёмцамі. Мне ж самаізаляцыю прасьцей перанесьці, бо я інтравэрт, мне дастаткова маіх кніг, тэлефона і інтэрнэту. Акрамя таго, мы маем прыватны дом у Полацку, у Запалоцьці, на беразе Дзьвіны, побач з Сафійскім саборам. Там мы сапраўды адпачываем.

Алесь Аркуш каля памятнага знаку Яну Баршчэўскаму ў вёсцы Мурагі на беразе возера Нешчарда
Алесь Аркуш каля памятнага знаку Яну Баршчэўскаму ў вёсцы Мурагі на беразе возера Нешчарда


— Вы нарадзіліся ў Жодзіне, вучыліся ў Менску, але ў 1987 годзе пераехалі ў Наваполацак. Чаму? Відаць жа, была мажлівасьць атабарыцца ў сталіцы, у якой тады бурапеніла моладзевае нефармальнае і творчае жыцьцё?

— Я вучыўся ў Інстытуце народнай гаспадаркі. Па шчырасьці, ня так проста было па разьмеркаваньні ў Менску застацца. І выбіраючы розныя пазасталічныя гарады, я сьвядома выбраў Наваполацак, бо на Полаччыне ў той час віравала літаратурнае жыцьцё. Я ўжо да прыезду ў Наваполацак ліставаўся з Уладзімерам Арловым, нават напісаў невялічкую рэцэнзію на ягоную кнігу «Добры дзень, мая Шыпшына», якую надрукавалі ў наргасаўскай шматтыражцы. І быў знаёмы зь Сержуком Сокалавым-Воюшам, ён прыяжджаў у Менск на паседжаньне Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», сябрам якога я ў той час быў. Таму ведаў, куды і навошта еду.

У маім дзёньніку пазначана, што 3 жніўня 1987 году я прыехаў у Наваполацак і ў другой палове дня ўжо гасьцяваў у Сокалава-Воюша, дзе пазнаёміўся зь Лявонам Баршчэўскім, Якубам Лапаткам і Вінцэсем Мудровым. 5 жніўня быў на археалягічных раскопках у Сяргея Тарасава. А 6 жніўня ўдзельнічаў у паседжаньні літаратурнага аб’яднаньня «Крыніцы», якім тады кіраваў Уладзімер Арлоў.

— У Наваполацку вы ня толькі складалі вершы, хадзілі на ўсялякія культурніцкія імпрэзы, але і напоўніцу, скажам шчыра, рэалізавалі свой арганізатарскі талент. А пачалося ўсё з «Ксэракса беларускага». Гэта быў 1989-ы. Я не памыляюся?

— Першы нумар «Ксэракса беларускага» сапраўды выйшаў у 1989 годзе, то бок за савецкім часам. Да незалежнай Беларусі было яшчэ ня так блізка. Паводле майго дзёньніка, першы пачак «Ксэракса беларускага» прывезьлі ў Наваполацак 22 кастрычніка 1989 году. Я плянаваў, што гэта будзе літаратурны альманах Полаччыны. У першым нумары якраз і былі надрукаваныя творы выключна літаратараў Полаччыны, у тым ліку і вашы, спадарыня Валянціна, вершы. І нават на вокладцы, якую намалявала Рыта Цімохава, было напісана «Полацак». Але калі ў 1993 годзе паўстала Таварыства вольных літаратараў, то натуральна, што альманах стаў друкаванай пляцоўкай суполкі.

Падчас адзначэньня першых угодкаў ТВЛ. Полацак, галерэя «Рыса», 1994
Падчас адзначэньня першых угодкаў ТВЛ. Полацак, галерэя «Рыса», 1994

— Якраз тады, у 1993-м, вам заманулася раптам узяцца ў рожкі з Саюзам пісьменьнікаў Беларусі, і вы з аднадумцамі стварылі Таварыства вольных літаратараў. Навошта? Здаецца, часы тады былі ўжо лібэральныя, бесцэнзурныя, ніякія арганізацыі, а тым больш пісьменьніцкі саюз, на літаратараў ня ціснулі.

— У той час я цікавіўся гісторыяй літаратуры 20-х гадоў, расейскай і беларускай. «Маладняк», «Узвышша», «Полымя»… Пазьней я нават напісаў артыкул пра полацкую філію «Маладняка». Чытаў успаміны былых гулагаўцаў, дзе яны згадвалі, як ствараўся Саюз пісьменьнікаў і дзеля чаго. Гэтая прага адкрыцьцяў і вяртаньня да вольніцы 20-х мяне натхняла. Хацелася мець уласнае выдавецтва, уласны часопіс, уласную літаратурную суполку, якая аб’ядноўвае сяброў. І, у прынцыпе, усё мы зрабілі, усяго дасягнулі. ТВЛ стала афіцыйнай літаратурнай арганізацыяй, з рэгістрацыяй і нават рахункам у банку, і часопіс быў свой, і выдавецкая суполка, і свая літаратурная прэмія.

— ТВЛ ад самага пачатку гучна дало пра сябе знаць усялякімі заявамі і міжнароднымі канфэрэнцыямі з удзелам даволі эпатажных творцаў. Але неяк хутка гэта ўсё замест развою згасла. Чаму?

— Ну, а якія тут яшчэ тлумачэньні патрэбныя? Пачаў імкліва ўмацоўвацца рэжым Лукашэнкі. Усё беларускае зьнішчалася — у тым ліку і беларускамоўнае навучаньне ў школе. Пачаліся ўсялякія перарэгістрацыі і ціскі. На ТВЛ пачалі пісаць кляўзы і даносы. Прычым так пладавіта, што яны нават накіроўваліся ў суседнія краіны. Як і на іншыя культурніцкія суполкі, напрыклад, на «Эўрафорум» Ігара Бабкова, які выдаваў часопіс «Фрагмэнты». Усё гэта было зьліквідаванае. Быў зьліквідаваны і Беларускі фонд Сораса, які пасьлядоўна падтрымліваў розныя мерапрыемствы ТВЛ, перадусім канфэрэнцыі. А рэцэнзіі на нашы заяўкі ў фонд Сораса пісалі Рыгор Барадулін, Адам Мальдзіс, Пятро Васючэнка, Алесь Анціпенка… Затым зьявіўся крымінальны артыкул за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. То бок апошнія жарынкі ТВЛ залілі з брандспойта.

Удзельнікі тэвээлаўскай канфэрэнцыі на экскурсіі ў Сафійскім саборы, Полацак,1995
Удзельнікі тэвээлаўскай канфэрэнцыі на экскурсіі ў Сафійскім саборы, Полацак,1995

— Сяброўства ў ТВЛ вы ад самага пачатку абмежавалі рэгіёнамі, прынцыпова не прымалі новых асобаў? Можа, гэта стала прычынай таго, што цяпер Таварыства фактычна зьнікла зь літаратурнага ляндшафту краіны?

— Калі ТВЛ афіцыйна зьліквідавалі, то не было ніякага сэнсу ад імя яго штосьці рабіць саматужна. Таварыства выканала сваю місію ў 90-х гадах і засталося ў гісторыі беларускай літаратуры. Гэтаксама як, напрыклад, «Эўрафорум». Сёньня дзейнасьць ТВЛ дасьледуюць прафэсійныя літаратуразнаўцы (балазе ёсьць што дасьледаваць, бо ў ТВЛ вялікі корпус уласных тэкстаў). Але ад ТВЛ застаўся шэраг доўгатэрміновых праектаў. Перадусім літаратурная прэмія «Гліняны Вялес» і выдавецкія праекты. Іх я кінуць не магу. Таму і прэмію працягваем прысуджаць, і кнігі выдаём.

— Дваццаць гадоў таму ў сваёй кнізе «Выпрабаваньне развоем» вы пісалі: «Старэйшыя пісьменьнікі ня маюць шанцаў трапіць у сусьветны архіў — і гэта сьмяротная небясьпека для беларускай літаратуры». За прамінулы час маладыя бунтаўшчыкі самі ўжо ўвайшлі ў паважны ўзрост. Ці зьмянілася штосьці ў стасунках тэвээлаўцаў зь сябрамі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, якіх вы некалі дружна вінавацілі ў творчым застоі і нават няздарнасьці?

— У прынцыпе, я і сёньня ад гэтых словаў не адмоўлюся. У сусьветны архіў цяпер трапляюць значна маладзейшыя за мяне беларускія пісьменьнікі. Іх перакладаюць, запрашаюць на стыпэндыі, пра іх піша замежны літаратурны друк. Усё, пра што мы «вангавалі», адбылося. Але асабіста мяне сёньня гэта ня вельмі вабіць. Неяк, калі я працаваў у Вільні на «Балтыйскіх хвалях», я спытаў у Сяргея Дубаўца: «А чаму мы нічога ня робім, каб нас перакладалі на літоўскую мову і тут выдавалі?» «А навошта?» — адказаў мне Дубавец. Я яму тлумачу навошта. А ён мне зноў талдычыць: «А навошта?». І толькі ня так даўно я зразумеў гэтае «навошта». Аднак гэта вельмі вялікая і сур’ёзная размова. Тэма для цэлай кнігі.

— Давайце крыху праясьнім лёс вашых пэрыядычных выданьняў — альманаху «Ксэракс Беларускі», часопіса «Калосьсе» і выдавецкае ініцыятывы «Полацкае ляда».

— Альманах «Ксэракс Беларускі» перастаў выходзіць у 1996 годзе, выйшла 6 нумароў. Працягваць выдаваць яго не было сэнсу, бо ў нас зьявіўся часопіс «Калосьсе». Часопіса «Калосьсе» выйшла 11 нумароў. Апошні, адзінаццаты, выйшаў у 2006 годзе. Якраз у тым годзе я пачаў працаваць на Радыё Рацыя. Акрамя таго, калі шчыра, мне стала нецікава яго выдаваць. Я не разумеў, каму гэта трэба і куды рухацца.

Першую кнігу, зборнічак вершаў суаўтараў Алеся Аркуша і Паўла Бурдыкі, я выдаў у Наваполацку ў 1991 годзе. І з таго пачалося «Полацкае ляда». Сёньня «Полацкае ляда» працуе ў каапэрацыі зь беластоцкім выдавецтвам EkoPress. То бок ISBN — гэта яго. І яго друк. Усё астатняе — наша. Я пляную паціху пазьбіраць і выдаць тыя тэвээлаўскія тэксты, якія былі расьцярушаныя па пэрыёдыках. Летась выйшла кніга паэта Юрыя Гуменюка «Захлынуцца апантанасьцю жыцьця». Гэта яго малая газэтная публіцыстыка.

Шанаваньне Каменя ТВЛ на 10-я ўгодкі таварыства, Полацак, 2003
Шанаваньне Каменя ТВЛ на 10-я ўгодкі таварыства, Полацак, 2003

— У заснаванай ТВЛ прэміі «Гліняны Вялес» даволі шчасьлівы лёс. Яна ўсё яшчэ штогод уручаецца. Праўда, прэмія ня мае ніякага, нават сымбалічнага, грашовага складніка. Думаю, што ў рэгіёне, у якім пасьпяхова працуюць некалькі нафтахімічных гігантаў, было б ня цяжка знайсьці фундатараў. Хай бы ня толькі атручвалі наўкольную зямлю, але і паспрыялі ейным талентам.

— Ніякай грашовай напаўняльнасьці прэміі я не хачу. Прэмія андэграўндная. У самой назьве нашай прэміі гэта закладзена, бо яна ня срэбная, не залатая і не дыямэнтавая. Гэта як у Расеі ёсьць прэмія Андрэя Белага — адзін рубель, пляшка гарэлкі і яблык. Ва ўсіх краінах ёсьць такія прэміі. Напрыклад, Ганкураўская ў Францыі. Сёньня гэта толькі 10 эўра. Але гэта самая прэстыжная літаратурная прэмія Францыі.

— Ну, а цяпер крыху пра вашу творчасьць. Пару дзён таму ў газэце «Народная Воля» вы напісалі, што гімн гораду Полацку на вашы вершы сьпяваюць тысячы. Як і дзе гэта адбываецца? І што вы падчас такіх імпрэзаў адчуваеце?

— Некалькі год таму падчас Дня гораду было заплянавана калектыўнае выкананьне гімну Полацку. Што й адбылося. Уся цэнтральная плошча Свабоды суладна пела гімн. Што я адчуваў? Ніякага там гонару. Але адчуваў, што з гімнам у Полацку ўсё ў парадку. (Сьмяецца). Ведаю, што калі старшынём гарвыканкаму быў Уладзімер Тачыла, ён прымаў залікі ў кіраўнікоў на веданьне словаў гімну. То бок гэты мой невялікі верш сапраўды ведаюць на памяць многія людзі. Неяк былі з Тацянай у кампаніі з адным з такіх гарадзкіх кіраўнікоў, і яго жонка спытала, ці ведае ён гімн гораду, і той бадзёра пачаў сьпяваць.

Алесь Аркуш з мастаком Сержуком Цімохавым, аўтарам эскізу ўзнагароды «Гліняны Вялес».
Алесь Аркуш з мастаком Сержуком Цімохавым, аўтарам эскізу ўзнагароды «Гліняны Вялес».

— Полаччына — унікальны рэгіён, які даў сучаснай беларускай літаратуры дзясяткі імёнаў. Літаратуразнаўцы гавораць нават пра такую зьяву, як полацкая літаратурная школа. Што, на вашу думку, гэта такое? І ці залічваеце вы сябе да гэтае зьявы?

Пятро Васючэнка пісаў, што асаблівасьць гэтай школы — адмысловы полацкі іранізм, тут ён згадваў сябе, Арлова, Мудрова. Але я б дадаў, што ёсьць яшчэ адна асаблівасьць — містыцызм. І тут я назаву Яна Баршчэўскага, Вацлава Ластоўскага, Арлова, Васючэнку, сябе. У падвалінах гэтай школы ляжаць такія творы, як «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага і «Лябірынты» Вацлава Ластоўскага. Спадзяюся, што калі-небудзь хтосьці да гэтага сьпісу дадасьць «Танцы над горадам» Уладзімера Арлова, «Жылі-былі паны Кубліцкі і Заблоцкі» Пятра Васючэнкі, «Захоп Беларусі марсіянамі» і «Сядзібу» Алеся Аркуша.

— Вы аўтар каля дзясятка паэтычных зборнікаў, трох кніг эсэістыкі і пяці раманаў. Якая з вашых кніг прынесла вам найбольшую аўтарскую асалоду, якая — славу, а якая — фінансавы посьпех?

— Адразу скажу, што фінансавага посьпеху ніякая мая кніга мне не прынесла. Нечакана самым папулярным стаў «Захоп Беларусі марсіянамі». Нейкая расейская інтэрнэт-кнігарня летась выставіла сваю рэкляму на інтэрнэт-старонках самых папулярных беларускіх пэрыёдыкаў, я бачыў на «Нашай Ніве» і «Комсомольскай правде в Беларуси». І сярод асноўнай выявы рэклямы была вокладка гэтай маёй кнігі.

У «марсіянаў» ёсьць адмысловая старонка ў Фэйсбуку, дык штодзень на яе прыходзіла ад 50 да 100 паведамленьняў пра наведваньні. А нейкі «рускамірны» чытач нават разразіўся разгромнай рэцэнзіяй, маўляў, мае мазгі заклініла на адраджызьме. І там шмат было абмеркавальшчыкаў. (Сьмяецца).

Але мне асабіста найбольш падабаюцца раманы «Сядзіба» і «Спадчына». Я нават пляную іх перавыдаць з часам пад адной вокладкай.

Алег Мінкін і Алесь Аркуш
Алег Мінкін і Алесь Аркуш

— Шмат гадоў вы працуе ў Беластоку на Радыё Рацыя, але цяпер змушаныя праз пандэмію надоўга застацца ў Полацку. Што гэтым часам пішацца? І ці важная ўвогуле цяпер у сьвеце літаратура, калі над кожным з творцаў і чытачоў вісіць нябачны забойца?

— Я ўжо ў гэтым ня раз пераконваўся, што хтосьці піша сцэнары нашых лёсаў. Паводле майго ўласнага сцэнару я павінен быў прыехаць у Полацак і гэтую заразу трываць разам зь сямʼёй. Я вельмі ўдзячны гэтаму сцэнарысту. Бо гэта важна — быць цяпер разам.

Цяпер я заканчваю пісаць свой новы раман «Запавольваньне». Бадай, гэта будзе самы містычны мой раман, ён пра вельмі складаныя рэчы, зьвязаныя з мэтафізыкай асобы. Урыўкі зь яго ўжо друкаваліся на «Літражы» і ў альманаху «Ратуша».

— Як зьбіраецеся сьвяткаваць сваё шасьцідзесяцігодзьдзе? Ці запрасілі родных, сяброў?

— Будзем на сядзібе ладзіць невялікі пікнічок. Францішку Скарыну, Яну Баршчэўскаму, Вацлаву Ластоўскаму і Пятру Васючэнку запрашэньні ўжо накіраваныя. Пра астатніх — падумаем…

* * *

Алесь Аркуш скончыў Жодзінскі політэхнічны тэхнікум і Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Уваходзіў у літаратурнае таварыства «Тутэйшыя». З 1989 году выдаваў літаратурны альманах «Ксэракс Беларускі». У 1993-м стварыў Таварыства Вольных Літаратараў і выдавецкую суполку «Полацкае ляда». Выдавец і галоўны рэдактар літаратурнага альманаху «Калосьсе». Старшыня арганізацыйнага камітэту літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес».

Аўтар каля дзесяці зборнікаў паэзіі, трох зборнікаў эсэістыкі — «Выпрабаваньне развоем» (2000), «Аскепкі вялікага малюнку» (2007), «Брызгалаўка» (разам з Барысам Козікам, 2009), раманаў «Палімпсэст» (2012), «Мясцовы час» (2014), «Захоп Беларусі марсіянамі» (2016), «Сядзіба» (2017), «Спадчына» (2018). Аўтар тэксту гімну Полацку і песьняў рок-гуртоў «Мясцовы час» і «RIMA».

Жыве ў Полацку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG