Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народны прэзыдэнт» у 1994-м і «народны блогер» у 2020-м: калі беларусы слухаюць сэрца


Пікет Сяргея Ціханоўскага каля Камароўскага рынку ў Менску па зборы подпісаў за вылучэньне ягонай жонкі Сьвятланы, 24 траўня
Пікет Сяргея Ціханоўскага каля Камароўскага рынку ў Менску па зборы подпісаў за вылучэньне ягонай жонкі Сьвятланы, 24 траўня

На сустрэчы зь Сяргеем Ціханоўскім (якога называюць «народным блогерам») у Слуцку мясцовы жыхар сказаў карэспандэнту Свабоды: «Калі не цяпер, то калі яшчэ? Цяпер Сяргей усяліў нейкую надзею. Усе гэтыя 26 гадоў, што існуе апазыцыя, ніхто столькі не зрабіў, колькі Сяргей за год, адкрыў людзям вочы».

Сьцісла

  • Ціханоўскі кажа практычна тое самае, што гаворыць палітычная апазыцыя, але ён кажа гэта іншымі словамі​
  • Ціханоўскага ўспрымаюць гэтаксама, як і Лукашэнку ў 1994 годзе
  • Для перамогі Лукашэнкі ў 1994 годзе значным фактарам было нежаданьне людзей ізноў бачыць старую ўладу, пэрсаніфікаваную ў вобразе Кебіча
  • Калі дыстанцыя паміж уладай і народам дасягае максымальнай велічыні, народ перастае давяраць партыям, дыскусіям
  • Чарговая «элегантная перамога» толькі ўзмоцніць у людзей прагу простых і хуткіх рашэньняў

Удумаемся ў гэтыя словы. З 1994 году ўся дзейнасьць апанэнтаў Лукашэнкі не дала случаку нічога, «ні розуму, ні сэрцу» (да гэтых словаў мы яшчэ вернемся). Усё сышло як вада скрозь пясок.

І вось толькі цяпер на гэтае «ўсё» адкрыліся вочы.

Я паглядзеў дзясятак відэаблогаў Ціханоўскага — усё слушна, усё правільна, але (калі ня мець на ўвазе канкрэтных людзей і канкрэтныя сытуацыі) — нічога новага, пра што не казалі б апазыцыйныя палітыкі, пра што не пісала б незалежная прэса.

Дый наўрад ці можна сказаць штосьці новае пра ўладу, якая пануе трэцяе дзесяцігодзьдзе.

Але аргумэнты апазыцыянэраў не далі выніку. А словы блогера — выводзяць людзей на вуліцы. Калі ўлічыць, што ў нядзелю за Сьвятлану Ціханоўскую ля Камароўкі паставілі подпісы тры тысячы грамадзян — гэта болей, чым самы вялікі мітынг апазыцыі за апошнія паўгода ці нават год. Улічым і тое, што людзі не хаваліся, больш за тое, падрыхтавалі пашпарты.

Яшчэ больш уражвае акцыя ў Слуцку — людзі ехалі на таксоўках, каб потым адстаяць у чарзе і паставіць подпіс.

Пікет Ціханоўскага ў Слуцку, 24 траўня
Пікет Ціханоўскага ў Слуцку, 24 траўня

Тут, вядома, можна было б спаслацца на новыя інфармацыйныя тэхналёгіі, на сілу ютубу і сацыяльных сетак — але Ціханоўскі не адзіны ў краіне блогер, чыя статыстыка перасягае лік у сто ці дзьвесьце тысяч.

Зрэшты, я не зьбіраюся аналізаваць асобу Сяргея Ціханоўскага ці ягоныя палітычныя погляды — ведаю пра іх вельмі мала.

Важней зразумець, чаму ён знайшоў такі водгук. І тут некалькі прычын, зьвязаных найперш са станам беларускага грамадзтва.

Не прагматызм, а вера

Ціханоўскі кажа практычна тое самае, што гаворыць палітычная апазыцыя, але ён кажа гэта іншымі словамі. Можа, некаму яны здадуцца празьмерна прымітыўнымі, часам нават і не зусім пісьменнымі, але, хай даруюць мне чытачы штамп, але лепшага я прыдумаць не магу, — словы знайшлі дарогу да сэрцаў простых людзей.

Прычым колькасьць гэтых людзей імкліва расьце, кажучы матэматычна, імкнецца да бясконцасьці (у маштабах Беларусі, зразумела).

У найноўшай гісторыі Беларусі магу прыгадаць толькі адзін такі прыклад.

Гэта — Лукашэнка, і толькі ў 1994 годзе.

(Адразу папярэджваю, што ані ў якім разе ня стаўлю знаку роўнасьці паміж Лукашэнкам і Ціханоўскім, маю на ўвазе толькі падобнае ўспрыманьне іх людзьмі).

Тады як дэпутат Апазыцыі БНФ я быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Пазьняка і на сустрэчах з Лукашэнкам не прысутнічаў. Але відавочцы апавядалі (здаецца, гэты эпізод ёсьць і ў кнізе Аляксандра Фядуты), што ў Горадні, пасьля таго як Лукашэнка выступіў на стадыёне, сотні людзей ссунуліся з трыбунаў і хваля народная пацякла да Лукашэнкі — не пагутарыць ці задаць пытаньні, а проста дакрануцца, і працягвалі яму грудных дзяцей — каб ён да іх дакрануўся.

Нейкая біблійная карціна.

Перадвыбарчы плякат Лукашэнкі, 1994 год
Перадвыбарчы плякат Лукашэнкі, 1994 год

І ў тым не было нічога рацыянальнага, прагматычнага, гэта — праява веры.

А вераць пераважна сэрцам.

Так прагнуць дакрануцца да Папы Рымскага.

Так імкнуліся дакрануцца да Гагарына, чалавека з космасу, і тое, што ён за ўвесь час палёту не пераключыў ніводнага тумблера, што ўсё зрабіла аўтаматыка, ня мела ніякага значэньня.

Так праходзілі канцэрты The Beatles — якасных запісаў зь іхных канцэртаў зусім няшмат, бо ў залях быў такі вэрхал фанатаў і фанатак, што, як пажартаваў нехта зь «бітлоў», яны маглі сьпяваць хоць «Happy birthday» — ніхто б не разабраў.

І вось тут я бачу агульнае ва ўспрыманьні Лукашэнкі ў 1994-м і Ціханоўскага ў 2020-м.

У Лукашэнкі ў 1994-м не было ніякай праграмы. Не, фармальная праграма была (называлася «Адвесьці народ ад бездані»), але яе мог напісаць трэцякурсьнік. Яна не ішла ні ў якае параўнаньне з праграмай лідэра БНФ Зянона Пазьняка, над якой працавалі дактары эканамічных навук і якая была падмацаваная пакетам зь некалькіх дзясяткаў (!) эканамічных законапраектаў, распрацаваных Апазыцыяй БНФ. Ды, бадай, кожны кандыдат (уключна з камуністам Новікавым ды «моцным гаспадарнікам» Дубко) меў лепшую праграму, хаця б таму, што ён яе меў.

Паказальныя ў гэтым сэнсе апошнія, перад другім турам, тэледэбаты ў жывым эфіры, калі на заяву Лукашэнкі «Я запушчу заводы!» ягоны канкурэнт і дзейны прэм’ер Вячаслаў Кебіч лягічна запытаўся — «Як вы гэта зробіце, Аляксандар Рыгоравіч?».

«Я ведаю як!» — быў адказ.

І такога адказу было дастаткова, каб перамагчы прэм’ер-міністра, які ў позьнім СССР лічыўся адным з найлепшых кіраўнікоў-эканамістаў.

Бо гэта сапраўды было пытаньне веры. Ці, калі хочаце, даверу. Прычым даверу бязьмежнага.

І Лукашэнка ня вельмі памыляўся, калі называў сябе «народным прэзыдэнтам».

Як правіла, чалавек аддаецца новай веры пасьля таго, як расчараваўся ў папярэдняй.

З тым большай зацятасьцю ён аддаецца, калі пачынае ненавідзець папярэднюю.

І палітолягі, і сацыёлягі сыходзяцца на думцы, што для перамогі Лукашэнкі ў 1994 годзе значным фактарам было нежаданьне людзей ізноў бачыць старую ўладу, пэрсаніфікаваную ў вобразе Кебіча. Шмат хто ішоў галасаваць ня гэтулькі за Лукашэнку, колькі супраць Кебіча.

Вячаслаў Кебіч. Фота Ул. Сапагова
Вячаслаў Кебіч. Фота Ул. Сапагова

Нелюбоў да Кебіча ў 1994 годзе была татальная. Прычым гэта тычыцца нават не апазыцыі, а тых, каго прынята называць «простымі людзьмі». Варта прызнаць, што вялікую заслугу ў гэтым меў БНФ, які пасьлядоўна, з аргумэнтамі, разьвенчваў усе недахопы і хібы эканамічнай і сацыяльнай палітыкі ўраду.

Але за кандыдата БНФ большасьць не прагаласавала.

Парадаксальна (гэтая тэма чакае свайго дасьледніка), што, слухаючы цягам чатырох гадоў трансьляцыі з сэсіяў Вярхоўнага Савету, дзе дэпутаты БНФ 99% сваіх выступаў прысьвяцілі эканоміцы і тэме дзяржаўнага будаўніцтва — людзі ўжо праз зусім невялікі час пачалі казаць, што Народны Фронт і іхны лідэр клапоцяцца «толькі пра мову». Так, тут не абышлося без афіцыйнай прапаганды і, пэўна, без «падказак» з боку спэцслужбаў, але ж людзі чулі ўсё на ўласныя вушы, няўжо не маглі самі зрабіць высновы?

А вось — не маглі.

«Простыя словы, простыя рэчы»

І тут мы зноў уваходзім у сфэру ірацыянальнага, але — зь беларускай спэцыфікай. Якую тыя, каго прынята называць прафэсійнымі палітыкамі, ня ўлічваюць.

Людзі маюць кароткую памяць.

У 1990–1992, калі з ініцыятывы БНФ прымаліся «чарнобыльскія» законы, Лукашэнка не падтрымліваў як найхутчэйшага перасяленьня людзей. Але ў 1994 годзе за яго ў чарнобыльскіх рэгіёнах Магілёўшчыны і Гомельшчыны быў высокі працэнт галасоў, а за кандыдата ад БНФ — не. Гэта парадокс яшчэ больш выявіўся ў наступным, 95-м, на выбарах у Вярхоўны Савет 13 скліканьня, калі там прагаласавалі за камуністаў, у тым ліку і за былога 1-га сакратара Гомельскага абкаму Камая — хоць менавіта камуністы хавалі праўду пра Чарнобыль, а лёзунг «Камая — у адстаўку!» зусім нядаўна быў галоўным на шматтысячных мітынгах.

Людзі яшчэ хутчэй забываюцца на тое, што ня тычыцца непасрэдна іх — іхнай сям’і, іхнага заробку, іхнага здароўя.

Вы дэпутат і зрабілі добрую справу? Калі дамагліся пакласьці шыфэр на дах ці заасфальтаваць вуліцу — будуць памятаць. Калі дамагліся прыняцьця закону, а потым і палажэньня ў Канстытуцыі, што грамадзяне вашай краіны ня мусяць браць удзел у баявых дзеяньнях па-за межамі краіны, і тым самым уратавалі тысячы жыцьцяў, — на гэта забудуцца. І ўжо праз тры месяцы пасьля прыняцьця закону будуць лічыць, што так было заўсёды.

І, нарэшце, людзі не ўспрымаюць, умоўна кажучы, фармулёвак больш складаных, чым 2+2=4. Бо 2×2=4 — гэта ўжо вышэйшая матэматыка.

Фраза «Увядзеньне ў поўнай меры рынкавых мэханізмаў урэгуляваньня з улікам зьнешніх і ўнутраных эканамічных працэсаў і варункаў» (цытую Эканамічную канцэпцыю Апазыцыі БНФ 1992 г.) успрымаецца значна горш, чым — «Запушчу заводы!» (хоць першая цытата застаецца актуальная і сёньня, а другая зрабілася фрагмэнтам гістарычных анэкдотаў пра 1994-ы).

Але гэтыя заканамернасьці дзейнічаюць не паўсюль.

Чарга, каб падпісацца за Сьвятлану Ціханоўскую на пікеце Сяргея Ціханоўскага ў Менску, 24 траўня
Чарга, каб падпісацца за Сьвятлану Ціханоўскую на пікеце Сяргея Ціханоўскага ў Менску, 24 траўня

Што ўзыдзе на выпаленай зямлі

У іншых краінах палітыку і праз 20 гадоў прыгадаюць, як ён галасаваў, кандыдату ў міністры пакажуць на хібы ў ягонай прапанове наконт падатковай сыстэмы. Прычым зробяць гэта не канкурэнтныя партыі, а звычайныя людзі. Ужо цяпер зразумела, што ў Чэхіі на вынікі будучых выбараў паўплываюць дзеяньні ўраду што да пандэміі каранавірусу, хаця прагноз рабіць яшчэ зарана.

Гэта адбываецца ў грамадзтвах, дзе існуе палітычная канкурэнцыя, дзе існуе падзел уладаў, дзе штодня ў тэлевізіі прадстаўнікі розных палітычных партыяў і плыняў адстойваюць свае погляды, дзе ў эфіры і ў СМІ дыскутуюць палітолягі. Дзе прэзыдэнту, прэм’еру, міністрам задаюць вострыя пытаньні і яны ведаюць, што ад адказу на пытаньне можа залежаць іхны палітычны лёс.

Нічога такога ў Беларусі няма ўжо больш за 20 гадоў. Лукашэнка мэтанакіравана і пасьлядоўна зьнішчаў партыі, выціскаў на маргінэс усіх палітыкаў, якія ставілі пад сумнеў ягоную кампэтэнтнасьць хаця б у асобных галінах. Гэта была тактыка выпаленай зямлі. У сродках ня стрымліваліся — ад зьбіцьця дэпутатаў у залі парлямэнту да татальнага праслухоўваньня (банальным будзе выглядаць зваротны прыклад, калі спроба ўсталяваць «жучкі» ў офісе канкурэнтнай партыі каштавала прэзыдэнту Ніксану пасады).

Лукашэнку ніхто ня можа публічна запярэчыць. Магчыма, на закрытых нарадах з удзелам аналітыкаў спэцслужбаў зь ім і спрачаюцца, але ў міністраў і кіраўнікоў рэгіёнаў, падобна, язык прысыхае да паднябеньня, калі яны бачаць Лукашэнку. Ды што міністры — кіраўнікі так званых парлямэнту і сэнату (заканадаўчай галіны ўлады!) ускокваюць на нарадах і стаяць перад ім у стойцы «Сьмірна!».

Узаемаадносіны «ўлада — народ» зводзяцца ў асноўным да вельмі простага: намаляваць прымальную лічбу раз на пяць гадоў. Кіраўнік дзяржавы не пачуваецца абавязаным сваім грамадзянам і можа іхную думку ігнараваць цалкам.

Але калі дыстанцыя паміж уладай і народам дасягае максымальнай велічыні, дык і народ зьвяртаецца да простага. Ён перастае давяраць клясычным мэханізмам вырашэньня палітычных канфліктаў, бо яны, акрамя іншага, патрабуюць кампрамісаў і часу. Партыям, дыскусіям, нейкаму аналізу тут увогуле няма месца.

Народ хоча вырашэньня як мага прасьцейшага і хутчэйшага.

У 94-м людзі ня надта хацелі разьбірацца ў нюансах стаўленьня Лукашэнкі да рэформаў ці нават Незалежнасьці (Незалежнасьць увогуле не ўяўлялася для большасьці каштоўнасьцю).

У 2020-м тысячы жыхароў Менску прыйшлі паставіць подпіс за жонку Ціханоўскага, ня маючы нават самага павярхоўнага ўяўленьня пра яе палітычныя погляды. (Зноў жа, я цяпер не пра асобу Сьвятланы Ціханоўскай, а пра ўспрыманьне людзьмі.)

Бо людзей ужо не цікавіць чыясьці праграма.

Іх цікавіць тое, што ў 1994-м выяўлялася ў трох словах — «Абы ня Кебіч!», а сёньня ў адным — «Дастаў!» (менавіта так казалі людзі і ў чарзе на Камароўцы).

Ці мелі людзі на гэта права тады і ці маюць цяпер?

Безумоўна.

Бо яны — народ, а народ — гэта крыніца ўлады, прычым адзіная яе крыніца, гэтае палажэньне не асьмеліліся выкрасьліць нават пры зьменах Канстытуцыі 1996 і 2004 гадоў.

І народ прагне як мага хутчэйшага спосабу вырашэньня, і пандэмія абвастрыла гэтае жаданьне.

Баюся, што нават калі цяпер Лукашэнка запросіць усіх асноўных апазыцыйных і грамадзкіх лідэраў сесьці за стол перамоваў (што выглядае фантастычным) — гэта сытуацыю ўжо ня зьменіць.

Не, я не пра агалошаныя ў ЦВК лічбы ўвечары 9 жніўня, не сумняюся, што будуць названыя традыцыйныя 75–80%.

Але чарговая «элегантная перамога» толькі ўзмоцніць у людзей прагу простых і хуткіх рашэньняў.

Адно ясна — ніякага кампрамісу ўжо ня будзе. Бо там, дзе вырашае ня розум, а сэрца, вынікі прадказаць немагчыма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG