Як любіць казаць палітоляг Сяргей Нікалюк, спасылаючыся на дасьледаваньні сацыёлягаў, грамадзтва можна знаходзіцца ў двух станах: сну і ўзбуджанасьці.
Тое, што за кароткі час узбудзілася расейскае грамадзтва, ня дзіва. Бо Расея апынулася ў стане напалову гарачай вайны з Украінай і палітычнай вайны з Захадам. Тое ж можна сказаць і пра ўкраінскае грамадзтва. Здаўна вядома, што калі палітыкай вельмі актыўна і палка займаецца ўвесь народ, то пачынаецца грамадзянская вайна.
Дзіўна тое, што ўсьлед за расейскім і ўкраінскім грамадзтвам раптоўна ўзбудзіўся і беларускі соцыюм. Пацьверджаньнем гэтаму — ня толькі сацыялягічныя дасьледаваньні, рэзкі рост актыўнасьці сацыяльных сетак і розных форумаў. Сам чуў, як шмат якія знаёмыя рознымі словамі апавядаюць пра адну і тую ж сытуацыю. Зьбіраюцца на застольле знаёмыя, сябры, родзічы. І першае, пра што пачынаюць гаварыць, — гэта пра Ўкраіну. І ў выніку абавязкова сварацца.
Такога ў Беларусі не было даўно. Можна ўзгадаць гарбачоўскую перабудову, галоснасьць. Таксама рэзкая палітызацыя і ўзбуджэньне адбывалася ў 1994–1996 гг. Гэта час першых прэзыдэнцкіх выбараў, двух рэфэрэндумаў, з дапамогай якіх Лукашэнка змагаўся за аднаасобную ўладу.
Але цяпер няма ніякай электаральнай кампаніі, у самой Беларусі нічога не адбываецца, палітыка як зьява даўно зьнікла. Беларускія дзяржаўныя мэдыі інфармуюць пра ўкраінскі крызіс даволі стрымана, імкнуцца не распальваць жарсьці.
Тым ня менш беларускае грамадзтва ўзбудзілася. І крыніцай гэтага ўзбуджэньня сталі расейскія тэлеканалы. Гэты выбуховы эфэкт, мэдыйны фэномэн выявіўся нечаканым для ўсіх. І найперш стаў ня самым прыемным сюрпрызам для беларускіх уладаў.
Калісьці, у 1990-я гады, калі Лукашэнка ў вобразе «народнага прэзыдэнта» меў вялікую харызматычную падтрымку насельніцтва, ён штучна палітызаваў грамадзтва. Ён выкарыстоўваў палітычную мабілізацыю як чыньнік, скіраваны супраць намэнклятуры, Вярхоўнага Савету, апазыцыі. Падчас рэфэрэндумаў 1995, 1996 гадоў дзяржаўныя мэдыі заклікалі грамадзян падтрымаць прэзыдэнта. Лукашэнка браў народ у саюзьнікі, змагаючыся супраць усіх сваіх праціўнікаў. Нават падчас кампаніі інтэграцыі з Расеяй ён апэляваў да грамадзтва. Дакумэнты аб стварэньні саюзу, саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі абмяркоўваліся ў працоўных калектывах.
Пасьля, у 2000–2010-я гады, сытуацыя значна памянялася. Эмацыйная падтрымка Лукашэнкі моцна ўпала, харызматычная легітымнасьць зьмянілася на рацыянальную. І стратэгія панаваньня дзейнага рэжыму кардынальна зьмянілася. Быў узяты курс на палітычную дэмабілізацыю грамадзтва. Улады прывучылі грамадзян да таго, што ня трэба нас любіць, асабліва падтрымліваць. І нават няважна, што вы думаеце. Галоўнае — маўчыце, не пярэчце, не пратэстуйце. Палітыка — ня ваша справа. У краіне толькі адзін палітык, і ён за ўсіх вас думае.
Як паказала апошняя парлямэнцкая выбарчая кампанія, нават на выбары цяпер ужо прыходзіць не абавязкова. Яны праходзяць максымальна ціха, па-за межамі палітычнай прасторы. Памятаеце, як Ярмошына абуралася, калі кандыдаты ў дэпутаты спрабавалі абмяркоўваць праблемы ўнутранай і вонкавай палітыкі. Яна тлумачыла, што гэта пытаньні ня вашага ўзроўню, вам трэба гаварыць толькі пра бытавыя праблемы, пра рамонт жыльля, чысьціню ў пад’ездах ды інш.
Тое, што Расея можа маніпуляваць масавай сьвядомасьцю беларусаў, стала поўнай нечаканасьцю для беларускага рэжыму, які быў цалкам упэўнены, што «ўсё схвачана».
І ўлады амаль дасягнулі сваёй мэты. Іхні ідэал — маўклівы народ — рэалізаваўся. У грамадзтве запанавала апатыя, пасіўнасьць, апалітычнасьць, фаталізм, абыякавасьць, нявера.
І вось раптам украінскі крызіс усё памяняў. Беларускае грамадзтва прачнулася, узбудзілася, палітызавалася і пачало гаварыць пра палітыку і дома, і на працы, і ў лазьні, і ў піўбары.
З аднаго боку, падзеі ва Ўкраіне працуюць на карысьць Лукашэнкі. Беларусы, напужаныя забурэньнямі ў суседняй краіне, сталі больш цаніць беларускую стабільнасьць. Павысіўся запыт на моцную ўладу, павялічыўся давер да Лукашэнкі, дзяржаўных інстытутаў, увогуле да беларускай сацыяльнай мадэлі.
Але, зь іншага боку, гэтая новая сытуацыя ўзбуджанага народу стварае пэўныя праблемы для рэжыму. Ён адчувае дыскамфорт ад таго, што ў краіне нешта адбываецца не па волі ўладаў, ідуць нейкія некантраляваныя працэсы. Крыніцы ўзбуджэньня апынуліся па-за межамі Беларусі, у суседняй дзяржаве. Палітызацыя беларусаў адбылася ў выніку дзеяньняў замежных мэдыяў. Больш за тое, настроі беларускага грамадзтва адносна ўкраінскіх падзеяў даволі моцна не супадаюць з палітычнай лініяй афіцыйнага Менску. Беларусы загаварылі пра палітыку мовай расейскіх тэлеканалаў. Тое, што Расея можа маніпуляваць масавай сьвядомасьцю беларусаў, стала поўнай нечаканасьцю для беларускага рэжыму, які быў цалкам упэўнены, што «ўсё схвачана».
Пакуль рэжыму ўдалося гэтую хвалю павярнуць у выгадны для сябе бок. Але ці можна ўвогуле яе кантраляваць, кіраваць ёй? І што можа быць, калі раптам здарыцца нейкі эканамічны катаклізм, кшталту таго, які быў у 2011 годзе? Адна справа, калі рэзкая дэвальвацыя адбываецца ва ўмовах сьпячага грамадзтва. І зусім іншая справа, калі фінансавы крызіс звальваецца на насельніцтва ў момант яго масавай палітызацыі і ўзбуджэньня. Тады ўтвараецца рэзананс зь невядомымі наступствамі.
Дарэчы, гэтая новая сытуацыя стала выклікам і для апазыцыі.