У Ганконгу на фоне антыўрадавых пратэстаў назіраецца «рост тэрарызму». Пра гэта ў панядзелак, 25 траўня, заявілі адразу некалькі высокапастаўленых прадстаўнікоў Пэкіну ў Ганконгу, расказвае расейская служба Свабоды.
Паводле зьвестак паліцыі, з пачатку пратэстаў у чэрвені мінулага году актывісты ня менш за 14 разоў ужывалі выбуховыя рэчывы. У некаторых пратэстоўцаў канфіскавалі агнястрэльную зброю і боепрыпасы.
Напярэдадні ў Ганконгу тысячы людзей узялі ўдзел у дэманстрацыях супраць плянаў Кітая прыняць новы закон аб нацыянальнай бясьпецы ў аўтаноміі. Дакумэнт дае Кітаю права ўжываць у Ганконгу нацыянальныя законы і адкрываць там прадстаўніцтва спэцслужбаў.
Пэкін сьцьвярджае, што закон дазволіць стрымаць акты сэпаратызму ў горадзе. Да сфэры нацыянальнай бясьпекі кітайскія ўлады таксама аднесьлі барацьбу з эпідэміяй COVID-19. Пратэстоўцы ў сваю чаргу кажуць, што дакумэнт супярэчыць прынцыпу «адна краіна, дзьве сыстэмы».
Нядзельная дэманстрацыя ў Ганконгу — першая масавая акцыя пратэсту пасьля пачатку эпідэміі каранавіруснай інфэкцыі, празь якую ў Ганконгу ўвялі жорсткія карантынныя меры. Да гэтага часу ў горадзе забаронена зьбірацца групамі, большымі за 8 чалавек. Аднак забарона не перашкодзіла людзей выйсьці на акцыю пратэсту. У шэрагу месцаў паліцыя ўжыла супраць дэманстрантаў сьлезацечны газ, каля 200 чалавек затрымалі.
Пра тое, што Ганконг у тэрміновым парадку павінен прыняць уласны закон аб нацыянальнай бясьпецы, кітайскія ўлады заявілі ў красавіку. Адміністрацыя рэгіёну, якая падтрымліваецца Кітаем, заявіла, што выступае за больш хуткае прыняцьце дакумэнту.
Злучаныя Штаты асудзілі КНР за аднабаковае навязваньне Ганконгу новага закону. Вашынгтон прыгразіў Пэкіну санкцыямі. КНР абвінаваціла ЗША ва ўмяшаньні ў свае ўнутраныя справы.
Ідэю «Адна краіна, дзьве сыстэмы» прапанаваў у пачатку 1980-х гадоў кітайскі лідэр Дэн Сяопін. Згодна зь ёю, такія аўтаномныя тэрыторыі, як Ганконг, Макао і Тайвань могуць мець уласныя эканамічныя і палітычныя сыстэмы, а Кітай пры гэтым застаецца адной краінай.
Летам мінулага году прапэкінскае кіраўніцтва Ганконгу вырашыла прыняць закон аб экстрадыцыі падазраваных у злачынствах мацерыковага Кітаю. Гэта выклікала масавыя акцыі пратэсту. Яны суправаджаліся сутыкненьнямі з паліцыяй. Пасьля масавых дэманстрацый улады адклікалі законапраект, але пратэстоўцы працягнулі выходзіць на вуліцы і патрабаваць большай незалежнасьці ад Кітая і вызваленьня ўсіх затрыманых актывістаў. Пасьля пачатку пандэміі, аднак, масавыя акцыі не праводзіліся.