Пераможцаў прэстыжнай Пуліцэраўскай прэміі ў галіне журналістыкі, літаратуры, музыкі і тэатру абвясьцілі 4 траўня. Перамогу ў галоўнай намінацыі атрымалі аляскінская газэта Anchorage Daily News і сайт ProPublica.
Пуліцэраўскую прэмію ў галоўнай намінацыі «За служэньне грамадзтву» атрымалі газэта Anchorage Daily News і інтэрнэт-выданьне ProPublica за сэрыю публікацыяў супольнага расьсьледаваньня сэксуальнага гвалту на Алясцы.
Узнагароду ў намінацыі «Навіновая фатаграфія» атрымалі фатографы агенцтва Reuters за фотарэпартажы з пратэстаў у Ганконгу.
Прэмію за выдатную падачу сэнсацыйнага матэрыялу атрымала выданьне Courier-Journal з Кентукі за матэрыялы пра ўказы аб памілаваньнях губэрнатара Мэта Бэвіна.
Узнагароду за выдатнае расьсьледаваньне атрымаў карэспандэнт New York Times Браян Розэнталь, які расказаў, як тысячы нью-ёрскіх таксістаў сталі ахвярамі злачыннага крэдытаваньня.
За тлумачальную журналістыку ўзнагародзілі The Washington Post, якія паказалі ўзьдзеяньне экстрэмальных тэмпэратураў на плянэту.
Прэмію ў міжнароднай журналістыцы далі The New York Times за асьвятленьне «драпежнага» рэжыму Ўладзіміра Пуціна ў Расеі.
Асаблівую адзнаку далі працы памерлай у 1931 годзе Іды Б. Уэлс за асьвятленьне гвалту супраць афраамэрыканцаў у «эру лінчаваньня».
Пераможцы ў іншых намінацыях названыя тут.
Пуліцэраўская прэмія лічыцца самай прэстыжнай узнагародай у амэрыканскай журналістыцы, прысуджаецца з 1917 году паводле завяшчаньня выдаўца Джозэфа Пуліцэра.
Абвяшчэньне ляўрэатаў сёлета было адкладзенае на два тыдні, бо некаторыя журналісты з Пуліцэраўскай камісіі былі занятыя асьвятленьнем пандэміі каранавірусу і не пасьпелі ацаніць усіх прэтэндэнтаў. Звычайна прэмію ўручаюць у прысутнасьці вялікай аўдыторыі ў Калюмбійскім унівэрсытэце ў Нью-Ёрку, але цяпер адміністратарка прэміі абвясьціла ляўрэатаў з уласнай гасьцёўні пасьля таго, як чальцы камісіі выбралі фіналістаў па выніках віртуальных дыскусіяў.