Наколькі небясьпечны, сьмяротны каранавірус у розных краінах? Гэта апісваецца дзьвюма характарыстыкамі — сьмяротнасьцю ад хваробы і летальнасьцю хваробы.
Сьмяротнасьць — гэта колькасьць тых, хто памёр ад хваробы, адносна ўсяго насельніцтва. Летальнасьць (Case fatality rate, або CFR) — колькасьць тых, хто памёр ад хваробы, адносна ўсіх, хто на яе захварэў.
Калі, умоўна кажучы, насельніцтва нейкай краіны складае тысячу чалавек, 100 зь іх захварэлі на нейкую хваробу і 50 ад яе памерлі, то сьмяротнасьць ад хваробы складзе 50/1000=5%, або 50 тысяч на мільён чалавек. А летальнасьць складзе 50/100=50%.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Бываюць хваробы, у якіх летальнасьць складае да 90% (скажам, ліхаманка Эбола) — гэта значыць, паміраюць амаль усе, хто захварэў. Але хварэюць на Эболу нямногія, таму сьмяротнасьць ад яе ня вельмі высокая. А, напрыклад, у звычайнага грыпу летальнасьць нізкая, мала хто ад яго памірае, але сьмяротнасьць заўважная, бо многія ім хварэюць.
Возьмем дадзеныя за 5 траўня з сайта worldometers.info.
На гэты дзень колькасьць сьмерцяў ад COVID-19 у Беларусі склала 107 чалавек, паказьнік сьмяротнасьці — 11 на мільён насельніцтва. Гэта 72-е месца з усіх 216 краін і тэрыторый, зьвесткі пра якія прыводзяцца на сайце, і 39–41-е месца ў Эўропе з 46 краін. Вось як выглядалі паказьнікі па некаторых краінах Эўропы на 5 траўня.
Краіна |
Сьмерці ад COVID-19 на 1 мільён насельніцтва |
Бэльгія |
692 |
Гішпанія |
548 |
Італія |
485 |
Вялікая Брытанія |
433 |
Францыя |
391 |
Галяндыя |
302 |
Швэцыя |
283 |
Данія |
87 |
Нямеччына |
83 |
Аўстрыя |
67 |
Румынія |
44 |
Фінляндыя |
44 |
Эстонія |
41 |
Чэхія |
24 |
Польшча |
19 |
Літва |
17 |
Беларусь |
11 |
Расея |
10 |
Латвія |
9 |
Украіна |
7 |
Славаччына |
5 |
Меншы, чым у Беларусі, гэты паказьнік у Эўропе быў толькі ў Расеі, Латвіі, ва Ўкраіне і ў Славаччыне.
Ва ўсіх астатніх краінах Эўропы ён быў вышэйшы, у некаторых і значна вышэйшы. Цікава, што сярод 4 эўрапейскіх краін, дзе сьмяротнасьць ад COVID-19 была ніжэйшая, чым у Беларусі, тры — яе суседкі: Латвія, Расея і Ўкраіна.
Больш цікавая сытуацыя зь летальнасьцю. Тут Беларусь — нават і сярод усясьветных лідэраў. На амаль 18 350 хворых на COVID-19 у Беларусі 107 сьмерцяў, летальнасьць — 0,58%, крыху больш за палову адсотка.
Калі разглядаць краіны, дзе пандэмія набыла ўжо пэўны размах, то Беларусь паводле летальнасьці — на шостым месцы ў сьвеце, пасьля Аману, Узбэкістану, Бахрэйну, Сынгапуру і Катару. Толькі ў гэтых 5 краінах, дзе хворых на COVID-19 больш за 2 тысячы, летальнасьць ніжэйшая, чым у Беларусі. Праўда, усе, акрамя Сынгапуру, не адзначаюцца асаблівай дакладнасьцю і празрыстасьцю працы дзяржаўнай адміністрацыі.
Калі ж браць усе эўрапейскія краіны, то Беларусь — на абсалютным другім месцы пасьля Ісьляндыі, дзе хворых на COVID-19 на 5 траўня было 1799 і летальнасьць каранавірусу складала 0,56%.
Яшчэ адна дзіўная асаблівасьць Беларусі — дынаміка паказьніку летальнасьці. Паводле часу возьмем за пункт адліку 31 сакавіка, дзень, калі ў Беларусі была афіцыйна зафіксаваная першая сьмерць ад COVID-19. На той час у многіх іншых краінах іх было вельмі шмат, у некаторых яшчэ не было. На той момант паказьнік летальнасьці ў Беларусі складаў 0,66% — дзьве траціны адсотка, адна сьмерць на 152 выпадкі захворваньня.
Цяпер адпаведны паказьнік — 0,58%, нават меншы, чым тады. А вось такое дзіва мае месца наагул у нямногіх краінах. Летальнасьць COVID-19 вырасла амаль ва ўсіх краінах сьвету, у некаторых вельмі істотна. А ў каго ж, як у Беларусі, нават зьменшылася за месяц?
Краіны |
Сьмерці/ Выпадкі CFR 1, % 31.03 |
Сьмерці/ Выпадкі CFR 2, % 5.05 |
СFR 2/CFR 1 |
Харватыя |
0.69 |
3.93 |
5.70 |
Фінляндыя |
1.20 |
4.55 |
3.79 |
Нямеччына |
1.16 |
4.19 |
3.61 |
Польшча |
1.43 |
4.96 |
3.47 |
Ісьляндыя |
0.17 |
0.56 |
3.29 |
Швэцыя |
4.06 |
12.29 |
3.03 |
Бэльгія |
5.52 |
15.87 |
2.88 |
Францыя |
6.76 |
14.97 |
2.21 |
ЗША |
2.66 |
5.84 |
2.20 |
Вялікая Брытанія |
9.64 |
15.09 |
1.57 |
Кітай |
4.06 |
5.59 |
1.38 |
Расея |
0.73 |
0.93 |
1.27 |
Італія |
11.75 |
13.76 |
1.17 |
Гішпанія |
8.82 |
10.22 |
1.16 |
Саудаўская Арабія |
0.64 |
0.66 |
1.03 |
Камэрун |
3.11 |
3.04 |
0.98 |
Іран |
6.50 |
6.34 |
0.98 |
Аб'яднаныя Арабскія Эміраты |
0.98 |
0.96 |
0.98 |
Украіна |
2.64 |
2.48 |
0.94 |
Аман |
0.52 |
0.48 |
0.92 |
Беларусь |
0.66 |
0.58 |
0.88 |
Інданэзія |
8.90 |
7.22 |
0.81 |
Сэрбія |
2.56 |
2.07 |
0.81 |
Узбэкістан |
1.16 |
0.45 |
0.39 |
Бахрэйн |
0.71 |
0.22 |
0.31 |
Сынгапур |
0.32 |
0.09 |
0.28 |
Катар |
0.26 |
0.07 |
0.27 |
Гана |
3.11 |
0.66 |
0.21 |
У табліцы прыводзяцца ня ўсе краіны, у якіх за месяц паказьнік летальнасьці павялічыўся. Але ўсе — у якіх зьменшыўся.
Яшчэ больш значна, чым у Беларусі, паказьнік летальнасьці зьменшыўся ў 7 краінах, зь іх эўрапейская — Сэрбія. Акрамя Беларусі і Сэрбіі, у Эўропе толькі ва Ўкраіне паказьнік летальнасьці за месяц не павялічыўся, а зьменшыўся, хоць і ў меншай ступені, чым у Беларусі.
Фармальна кажучы, пра недакладнасьць беларускай статыстыкі сьмерцяў ад COVID-19 гэтыя дадзеныя ня сьведчаць.
Але тое, што ў Беларусі назіраецца асаблівасьць, уласьцівая амаль толькі такім краінам, як Бахрэйн, Гана і Ўзбэкістан, выклікае пэўны роздум. Ну, так — і такім, як Сынгапур, Сэрбія і Ўкраіна.
Але, як бачым, гаворка ідзе нават пра сусьветную анамалію, ня кажучы ўжо — пра эўрапейскую.
Наўпрост гэта ня доказ, што беларуская статыстыка недакладная. Але ў любым выпадку навідавоку ўнікальная зьява — і ў Эўропе, і нават ва ўсім сьвеце. А прычыны ўнікальнасьці могуць быць розныя — ці ўнікальна добрая сыстэма аховы здароўя і палітыка барацьбы з пандэміяй, ці ўнікальная па хітрасьці сыстэма падліку памерлых ад пандэміі. Права на існаваньне маюць абодва тлумачэньні.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.