У каледжы мастацтваў і музычным каледжы Горадні выявілі некалькі чалавек з COVID-19. У каледжы мастацтваў тыдзень таму навучэнцам сказалі зьбіраць рэчы і ехаць дадому. Там гаворка ідзе пра дзясяткі хворых без пацьверджанага каранавірусу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Інтэрнат закрыецца на карантын, і выйсьці адтуль не атрымаецца»
Некалькі студэнтаў каледжу мастацтваў расказалі Свабодзе, што каранавірус на мінулым тыдні пацьвердзілі ў адной студэнткі са спэцыяльнасьці «харавая музыка», а таксама ў двух выкладчыкаў. Яны знаходзяцца ў шпіталі. Аднак і апрача гэтага, без пацьверджанага каранавірусу хварэюць шмат хто, асабліва сярод «харэографаў».
«Я жыла ў інтэрнаце ўсе гады адукацыі, але ўпершыню стала так шмат хворых. Толькі на афіцыйнай даведцы [бальнічным] было каля 40 чалавек», — расказвае адна са студэнтак каледжу мастацтваў.
Больш за тыдзень таму, у мінулы чацьвер каледж «распусьцілі». Цяпер студэнты займаюцца дыстанцыйна, выкладчыкі, па іхных словах, таксама працуюць з дому.
«Наш каледж да апошняга не хацелі пераводзіць на дыстанцыйную адукацыю праз спэцыфікі адукацыі. Акторскае майстэрства, вакал, інструмэнт немагчыма перанесьці», — тлумачыць адна з навучэнак.
Інтэрактыўная мапа. Каранавірус у Беларусі
Інтэрнат каледжу мастацтваў, у разуменьні студэнтаў, закрылі на карантын на мінулым тыдні. Здаровым навучэнцам прапанавалі сабраць рэчы і зьехаць у мінулую сераду, «інакш потым ня выпусьцяць».
«Нам сказалі, што адпраўляюць, бо шмат хворых. „Інтэрнат заўтра закрыецца на карантын, і выйсьці ў вас адтуль ужо не атрымаецца. Таму, калі можаце паехаць дадому цяпер, лепш едзьце“», — расказвае іншая студэнтка.
Тых, хто хварэе, не адпусьцілі дахаты, а перасялілі на першы паверх інтэрнату. Да іх прыходзілі «людзі ў скафандрах».
Суразмоўцы таксама паскардзіліся, што ім не хапае інфармацыі ад кіраўніцтва каледжу, выкладчыкаў пра тое, што адбываецца.
Навучэнцы дадаюць, што вучэльню апрацоўвалі дэзынфэкцыйнымі сродкамі з самага пачатку пандэміі, у дасягу былі антысэптыкі.
У музычным каледжы адзін выпадак каранавірусу
У Горадзенскім музычным каледжы выявілі каранавірус у адной са студэнтак, ізаляваныя кантакты першага ўзроўню. Гэта карэспандэнту БелаПАН пацьвердзіў дырэктар музычнага каледжу Аляксей Саладухін.
Навучэнцы музычнага каледжу расказалі, што яны па заявах знаходзяцца на самаізаляцыі, навучаюцца дыстанцыйна. Многія з тых, хто жыве ў інтэрнаце, зьехалі да бацькоў. Заняткі ў каледжы працягваюць праводзіцца.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ