Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне было цяжка глядзець на гэты бязглузды парад, бо тата ляжаў на ШВЛ». Памёр начальнік упраўленьня па выкарыстаньні паветранай прасторы


Герман Аляксандраў у маладосьці
Герман Аляксандраў у маладосьці

«Са словаў лекара, клінічная карціна хваробы чыста каранавірусная», — сказала карэспандэнту Свабоды дачка палкоўніка запасу Германа Аляксандрава Юлія.

Яе маці працуе ў капэлі імя Шырмы, дзе на каранавірус захварэла палова калектыву. У яе пры тэмпэратуры 39 тэст на каранавірус даў адмоўны вынік. У бацькі аналіз на каранавірус таксама быў адмоўны. Як такое можа быць? — зьдзіўляецца дзяўчына.

52-гадовы Герман Аляксандраў, які ўзначальваў упраўленьне Ўзброеных Сіл па выкарыстаньні паветранай прасторы, быў палкоўнікам запасу, памёр ад пнэўманіі ў менскім Вайсковым шпіталі.

Герман Аляксандраў скончыў Чарнігаўскае вышэйшае вайсковае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, праходзіў службу на лётных пасадах у 126-й зьнішчальнай авіяцыйнай дывізіі 16-й паветранай арміі. За час лётнай працы асвоіў самалёты Л-39, МіГ-23 і МіГ-29 розных мадыфікацый, меў кваліфікацыю вайсковага лётчыка першай клясы. Герман Аляксандраў скончыў Беларускі камэрцыйны ўнівэрсытэт кіраваньня і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце.

«Ён захварэў 21 красавіка. На выходных у яго паднялася тэмпэратура, у панядзелак ён яшчэ знаходзіўся з тэмпэратурай дома. А ў аўторак яго паклалі ў вайсковы шпіталь у інфэкцыйнае аддзяленьне, там узялі тэст на каранавірус. Тэст быў гатовы толькі тады, калі ён ужо ляжаў на ШВЛ, практычна праз тыдзень. Ва ўсякім разе, вынік тэсту я даведалася ад урача рэанімацыі, што ён адмоўны. Але, са словаў лекара, клінічная карціна хваробы чыста каранавірусная», — сказала карэспандэнту Свабоды дачка Юлія.

Герман Аляксандраў
Герман Аляксандраў

Герман Аляксандраў трапіў спачатку ў палату інтэнсіўнай тэрапіі, два дні ляжаў там пад кіслароднай маскай. Тады ён яшчэ кантактаваў са сваякамі. А потым ён быў 12 дзён на ШВЛ у рэанімацыі, дзе і памёр.

«Нягледзячы на такі вынік, мы ўдзячныя лекарам. Я ўвесь час размаўляла зь лекарам-рэаніматолягам. Мне здаецца, што яны рабілі ўсё, што маглі, але хвароба аказалася мацнейшай».

У пасьведчаньні аб сьмерці запісана лёгачна-сардэчная недастатковасьць і пнэўманія. Цела нябожчыка выдалі ў пакеце, у закрытай труне.

«Калі я ў лекара пыталася, ці магчымае пераліваньне плязмы, пра якое шмат пішуць у СМІ, ён сказаў, што ёсьць дзьве прычыны, па якіх гэта немагчыма. Першая — гэта адмоўны тэст. Лекары ня могуць замовіць плязму, калі тэст на COVID-19 адмоўны. А па-другое, у яго былі асабістыя супрацьпаказаньні, яму калолі процітромбавы прэпарат, і ў яго быў высокі паказчык прадуктаў распаду», — кажа Юлія.

«Ніводзін разумны чалавек ня ладзіў бы падчас эпідэміі масавае мерапрыемства»

Прычына ўзьнікненьня пнэўманіі, паводле лекараў, незразумелая. Герману Аляксандраву зрабілі толькі рэнтген. Калі ён паступіў у шпіталь, то пнэўманіі яшчэ не было.

«Праз тыдзень, калі яго ўжо пераводзілі ў інтэнсіўную тэрапію, пнэўманія ўжо была. Але, наколькі я разумею, урачы больш арыентаваліся на паказальнік кіслароду ў крыві. Калі ён пачаў зьмяншацца, яго перавялі ў інтэнсіўную тэрапію. Якая ў выніку ў яго была пнэўманія, я ня ведаю. Але калі яго паклалі на ШВЛ, то, я думаю, карціна была дрэнная».

Паводле Юліі, у бацькі не было хранічных захворваньняў. Адкуль магла ўзяцца пнэўманія?

«Мы ня ведаем, адкуль гэта магло ўзяцца. Бацька хадзіў на службу, гэтага ніхто не адмяняў. Але ён ня быў нейкім нігілістам, якія адмаўляюць існаваньне вірусу, хадзіў усюды ў масцы, езьдзіў на асабістым транспарце, дэзынфікаваў рукі і ўсё што магчыма. Але я думаю, што наўрад ці ён мог заразіцца на працы. У іх насамрэч ніхто не хварэе. І бацька, калі адчуў сябе дрэнна, застаўся дома».

У прэс-службе Міністэрства абароны карэспандэнту Свабоды сказалі, што ў калегаў Германа Аляксандрава вірус ня знойдзены. Але Юлія сумняваецца, што ў іх наогул бралі тэст.

«Мая маці працуе ў харавой капэле імя Шырмы Белдзяржфілярмоніі, дзе больш за палову было заражаных каранавірусам. У яе бралі тэст, і ён быў адмоўны. Але яна ляжала з тэмпэратурай 39 да яго цягам чатырох дзён. Але ў яе на гэтым усё і скончылася, тэмпэратура прайшла. Мы, канечне, былі абураныя. Зразумела, што ёсьць эканоміка і есьці нешта трэба. Таму гэта наша вэрсія, што гэта магло быць і адтуль. Мы прачыталі ў інтэрнэце, што да тэсту трэба рыхтавацца, нельга перад ім выпалоскваць горла, не рабіць інгаляцыю. Але мама гэта рабіла, бо яе не папярэджвалі», — кажа Юлія.

Юлія таксама згадала пра вайсковы парад на 9 траўня.

«Мне было цяжка глядзець на гэты бязглузды парад, бо на той момант мой тата ляжаў на ШВЛ. Мая бабуля была ўдзельніцай вайны, яна вэтэран. Яна і сябры яе пакаленьня цанілі жыцьцё, кожнае асобнае жыцьцё, бо ведалі яго цану. Дзядуля быў генэралам авіяцыі, вэтэранам Узброеных сіл. Яны ніколі ў жыцьці на парады не хадзілі, тым больш у такой абстаноўцы. Атрымліваецца, што з вэтэранаў робяць старых маразматыкаў, якім падавай парад. Але гэта ня так. Я думаю, што ніводзін разумны чалавек ня ладзіў бы падчас эпідэміі масавае мерапрыемства», — сказала Юлія.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG