1 траўня ў гомельскім сухотным шпіталі памёр 36-гадовы супрацоўнік буда-кашалёўскага шпіталя Вадзім М. Ён працаваў інжынэрам-праграмістам. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі Свабодзе сваячка і калегі памерлага.
23 красавіка мужчыну перавезьлі ў цяжкім стане з буда-кашалёўскага шпіталя ў Гомель, адкуль ён паходзіў. У гомельскім шпіталі ён ляжаў пад апаратам штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Паводле сваякоў, у яго была двухбаковая пнэўманія і пацьвердзіўся каранавірус.
Яго ня стала 1 траўня. Пахаваньне мае адбыцца 3 траўня.
Вадзім ня быў жанаты, жыў у інтэрнаце для мэдыкаў у Буда-Кашалёве. У яго засталіся бацькі і брат у Гомлі.
У райцэнтры Буда-Кашалёве — успышка каранавірусу. Раней Свабода пісала пра сьмерць 45-гадовай мэдсястры тамтэйшай хуткай дапамогі Галіны Н. Захварэлі мэдыкі, у тым ліку лекары тэрапіі і рэанімацыі, а таксама пацыенты тэрапэўтычнага аддзяленьня раённай лякарні.
Афіцыйна пра колькасьць хворых не паведамляецца. Раней супрацоўніца «хуткай» паведамляла Свабодзе, што ў раёне ня менш за сотню тых, у каго пацьверджаны COVID-19.
Супрацоўнікі «хуткай» з Буда-Кашалёва сьцьвярджалі, што іх аналізы на каранавірус «згубіліся». Яны пісалі скаргу на імя галоўнай лекаркі шпіталя, а затым зьвярнуліся ў пракуратуру.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ