Экс-кіраўнік праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка заявіў пра намер балятавацца на выбарах прэзыдэнта Беларусі. Свабода ўважліва пачытала біяграфію новага кандыдата.
Былы старшыня праўленьня Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка расказаў на Facebook, што зьбіраецца выставіць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня.
Бабарыка сьцьвярджае, што разумее «ўмовы і правілы гульні», а таксама «фінальную частку гэтага „дзейства“, якая была сфармуляваная яшчэ ў эпоху Сталіна: ня важна, як галасуюць, важна, як лічым».
Ён дадае, што верыць у «абмежаванасьць любой неэфэктыўнай сыстэмы» і «магчымасьці, якія даюць новыя інструмэнты на базе сучасных тэхналёгій», а таксама думае, што «гэта апошні шанец хоць нейкіх выбараў у незалежнай Беларусі». Свой намер балятавацца Віктар Бабарыка пацьвердзіў Свабодзе праз мэсэнджар.
Пазьней стала вядома, што Віктар Бабарыка больш не зьяўляецца старшынём праўленьня Белгазпрамбанку. Адпаведную заяву распаўсюдзіла прэс-служба банку. Паводле прэс-службы, «ён звольніўся па ўласным жаданьні».
Глядзім ягоную біяграфію.
Мянчук, першая спэцыяльнасьць «Тэарэтычная мэханіка»
Віктар Бабарыка карэнны мянчук, нарадзіўся ў беларускай сталіцы ў 1963 годзе. Мае дзьве вышэйшыя адукацыі: спачатку вучыўся ў БДУ на тэарэтычнай мэханіцы, а пасьля ў Акадэміі кіраваньня на спэцыяльнасьці «Эканоміка, арганізацыя зьнешнеэканамічнай дзейнасьці». Таксама скончыў магістратуру ў БДЭУ.
Працаваць Віктар Бабарыка пачаў у навукова-вытворчым аб’яднаньні парашковай мэталюргіі, працаваў начальнікам аддзелу зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. З 1995 году Віктар Бабарыка пачынае кар’еру ў банкаўскай сфэры, у банку «Алімп». Ужо праз 5 гадоў ён становіцца старшынём праўленьня Белгазпрамбанку, дзе працаваў да дня абвяшчэньня пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі.
Мэцэнат, мае падзяку ад Лукашэнкі
У 2002 годзе Віктар Бабарыка атрымлівае падзяку ад Лукашэнкі «за шматгадовую самаадданую працу і значны ўнёсак у разьвіцьцё банкаўскай сыстэмы краіны». Віктар Бабарыка мае дыплёмы і ўзнагароды ад UNESCO, Міністэрства культуры Беларусі, а таксама званьне «Мэцэнат культуры Беларусі» за 2014 год.
Віктар Бабарыка ня раз падтрымліваў праекты ў сфэры культуры, а мастацкая калекцыя Белгазпрамбанку ўключае збор прац мастакоў Парыскай школы, кнігі Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага.
Адкрыта крытыкуе ўладу
У сваіх інтэрвію Віктар Бабарыка ня раз крытыкаваў беларускія ўлады. У інтэрвію інтэрнэт-выданьню «Салідарнасць» банкір назваў Беларусь «краінай вывучанай бездапаможнасьці».
«Каб пабудаваць сыстэму, якая вучыць бездапаможнасьці, хапае аднаго пакаленьня. Павінны нарадзіцца свабодныя людзі, якія ведаюць, што іх ня б’юць за тое, што яны робяць і гавораць. Чалавек павінен мець права на ўласную думку і на памылку», — казаў Віктар Бабарыка.
Удавец
Віктар Бабарыка і ягоная жонка Марына захапляліся дайвінгам. Але ў 2017 годзе здарылася трагедыя — Марына загінула падчас пагружэньня ў Партугаліі, на Мадэйры.
У банкіра дарослыя сын і дачка.
Заснавальнік дабрачыннага фонду дапамогі дзецям
Віктар Бабарыка — адзін з заснавальнікаў фонду дапамогі дзецям «Шанс», які дапамагае хворым дзецям знайсьці грошы на лячэньне і прайсьці рэабілітацыю. Паводле сайта фонду, з 2008 году яны дапамаглі аплаціць лячэньне больш як тысячы чалавек. Агулам было сабрана 14,5 мільёна даляраў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.