Славенія першай з эўрапейскіх краін афіцыйна абвясьціла аб перамозе над эпідэміяй каранавірусу. За апошнія два тыдні ў краіне зафіксавана толькі 35 новых выпадкаў заражэньня.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Славенія першай у Эўропе ўвяла жорсткія абмежавальныя меры ў сярэдзіне сакавіка, а аслабляць іх пачала ўжо ў сярэдзіне красавіка. Улады адчынілі некалькі памежных пераходаў з суседнімі краінамі. Тым, хто прыяжджае зь іх Славенію, зараз ня прыйдзецца праходзіць карантын. Для гасьцей з іншых краін патрабаваньне аб двухтыднёвым карантыне пасьля прыбыцьця ў краіну застаецца ў сіле.
Славенскія ўлады падкрэсьлілі, што «перамога над эпідэміяй» азначае, што ўсе абмежавальныя меры будуць неадкладна зьнятыя.
Усяго ў Славеніі, па афіцыйных дадзеных, зафіксавана менш за паўтары тысячы выпадкаў заражэньня каранавірусам новага тыпу. Памерлі 103 пацыенты.
Сёньня ж міністар сацыяльных спраў Эстоніі Танэль Кійк заявіў, што эпідэмію COVID-19 у краіне можна лічыць часова скончанай.