Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цапкала пацьвердзіў, што ідзе ў прэзыдэнты. Ён прадаў дом, каб фінансаваць сваю кампанію


Валерый Цапкала, архіўнае фота
Валерый Цапкала, архіўнае фота

Валерый Цапкала паразмаўляў з журналістамі сайту Dev.by, але забараніў публікаваць інтэрвію. Таксама пацьвердзіў «Белсату», што гэта ён, а «ня клон нейкі».

Паводле «Белсату», Цапкала сказаў: «Я — гэта я, а ня клон нейкі, і так, іду ў прэзыдэнты». Таксама Цапкала паабяцаў тэлеканалу, што падрабязнасьці агучыць пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

Dev.by сьцьвярджае, што размаўляў з Цапкалам 11 траўня. Той захацеў пабачыць тэкст перад публікацыяй, спаслаўшыся на тое, што з інтэрвію можа атрымацца перадвыбарчая агітацыя, якая пакуль забароненая. У выніку замест 43 пытаньняў і рэплікаў журналіста і адказаў Цапкалы ў вэрсіі Dev.by ад Цапкалы вярнуўся тэкст з 8 пытаньнямі і адказамі, прычым адно пытаньне было ім «прыдумана ад сябе», сьцьвярджае Dev.by.

Выданьне ня стала публікаваць ні сваю вэрсію, ні вэрсію Цапкалы, а толькі пераказала, што Цапкала паведаміў у інтэрвію.

«Мы падзяляем жаданьне Валерыя Цапкалы „бачыць Рэспубліку Беларусь іншай краінай, нармальнай, дэмакратычнай, цывілізаванай, дзе будзе весьціся дыялёг наконт шляхоў разьвіцьця і дзе мы ня будзем падымацца кожную раніцу і глядзець, што там сказаў адзін чалавек адносна таго, куды мы сёньня ідзем“, — піша Dev.by. — І спадзяёмся, што ў цывілізаванай Беларусі таксама будуць выбудаваныя цывілізаваныя адносіны з мэдыя. У прыватнасьці, яны прадугледжваюць, што фармулёўка пытаньняў і структура інтэрвію – прэрагатыва рэдакцыі, а дыялёг са СМІ і грамадзкасьцю нельга падмяняць прэс-рэлізам або піяр-кейсам».

Што расказаў Dev.by Цапкала:

  • цяпер ён знаходзіцца ў Менску;
  • да рашэньня ісьці ў прэзыдэнты «доўга ішоў», а не прыняў яго спантанна;
  • мяркуе, што называць яго «спарынг-партнэрам Лукашэнкі» могуць толькі тыя, хто не чытаў ягоных заяваў, але ў той жа час не ідэнтыфікуе сябе з апазыцыяй;
  • не пасьпеў стварыць выбарчы фонд, пакуль «людзі працуюць на энтузіязьме»;
  • прадаў свой прыватны дом за Нацыянальнай бібліятэкай, каб прафінансаваць выбарчую кампанію;
  • заявіў, што да ягонай выбарчай кампаніі ня мае дачыненьня ніводная IT-кампанія;
  • адносна публікацый «Нашай Нівы» пацьвердзіў, што той дом будаваў адзін з падрадчыкаў, які браў удзел у забудове ПВТ, але абверг тое, што яму давалі эксклюзіўныя ўмовы арэнды зямлі, і адрынуў прэтэнзіі дзяржаўных органаў да будаўніцтва — маўляў, дом будаваў з уласных грошай і праз афіцыйна заключаную дамову, але падрадчык ня выканаў умоваў, што прызнаў суд. Паводле «Нашай Нівы», Цапкала прадаў дом 11 траўня, цяпер домам валодае кампанія «Райфайзэн-Лізінг», якая ўваходзіць у адну групу з «Прыёрбанкам».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG