Да запуску 3-й лініі менскага мэтро застаецца крыху менш за два месяцы. Менгарвыканкам расказаў і паказаў у афіцыйным Telegram-канале, на якой стадыі цяпер будаўніцтва новых станцый.
«Кавальская Слабада»
Станцыю ўжо адштукавалі. Цяпер займаюцца мастацкім аздабленьнем і наладкай сыстэм бясьпекі, відэаназіраньня. Інтэр’ер станцыі ў цёмна-карычневых тонах з адценьнем бронзы, столь — сьветлага пясочнага колеру.
У вэстыбюлі і над плятформай усталююць дэкаратыўныя каваныя разэткі, асымэтрычна восі станцыі. Граніт на плятформе таксама выкладзены асымэтрычна — гэта галоўнае адрозьненьне «Кавальскай Слабады» ад астатніх станцый, дзе прытрымліваліся сымэтрыі, паведамляе Менгарвыканкам.
«Вакзальная»
Аснова аздабленьня і дэкору станцыі — тэма падарожжаў. На плятформе ўжо сабралі скульптуру «Дрэва дарог», пазьней яе пафарбуюць. Асноўныя колеры станцыі — чорны і белы. У аздабленьні вэстыбюля шмат шкла.
Навінка станцыі — рухомыя дарожкі ў двух пераходах, якія злучаюць «Вакзальную» са станцыяй «Плошча Леніна», — 4 дарожкі па 50 м, а ў адваротным кірунку — 3 па 180 м. У пасажыраў будзе выбар — прайсьці гэтую адлегласьць пешшу ці праехаць на рухомай дарожцы.
«Юбілейная плошча»
Станцыю яшчэ адштукоўваюць. Сьцены пафарбавалі ў чырвоны колер, столь зрабілі белай, засталося абліцаваць калёны — яны будуць бэжавага колеру.
У пешаходных пераходах, якія зьвяжуць станцыю з «Фрунзенскай», таксама ўсталююць пешаходныя рухомыя дарожкі, але ўжо не такія вялікія, як на «Вакзальнай». Адну — даўжынёй 24 м, а другую — 45 м. Асобных уваходаў на станцыю не прадугледжана. Трапіць на яе можна будзе праз «Фрунзэнскую».
«Плошча Францішка Багушэвіча»
Галоўная асаблівасьць станцыі ў тым, што тут наогул няма лесьвіц. Трапіць з падземнага пераходу на плятформу пасажыры змогуць толькі эскалятарамі (яны беларускай вытворчасьці — з Салігорску).
Сьцены на станцыі шакаляднага колеру. Калёны — колеру белага шакаляду. Вэнтыляцыйныя шахты ўпрыгожаць скульптурамі «Ткацкі станок» і «Кніга беларуская» з цытатамі з Францішка Багушэвіча.
Асаблівасьць усёй 3-й лініі мэтро — засьцерагальныя экраны з аўтаматычнымі дзьвярыма. Яны будуць адчыняцца адначасова зь дзьвярыма цягніка, які прыбывае на станцыю.