Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зафарбавалі мурал аргентынскага мастака «Сэрца Эўропы»


У Менску на сцяне дома № 21 па вуліцы Рабкораўскай зафарбавалі мурал аргентынскага мастака Франчэска Басалеці «Сэрца Эўропы». Ад яе застаўся толькі характэрны контур зафарбаванага малюнка, паведамляе Tut.by.

Арганізатар плэнэру Urban Myths Алег Ларычаў распавёў, што мастак даўно быў у курсе таго, што працу плянуюць зафарбаваць, так што гэтыя дзеяньні яго не зьдзівілі.

«Тэндэнцыя такая: аўтарскіх канцэптуальных работ будзе станавіцца менш, і яны будуць губляцца на фоне росту колькасьці ідэалягічна правільных дзяржзамоваў. Наколькі я ведаю, скаргаў ад жыхароў там не было. Магчыма, гэта зьвязана з адкрыцьцём па суседзтве спартыўнага комплексу і чаканьнем высокіх гасьцей», — распавёў Алег Ларычаў.

Так выглядаў мурал «Сэрца Эўропы», 2017 год
Так выглядаў мурал «Сэрца Эўропы», 2017 год

Аргентынец Франчэска Басалеці намаляваў гэты мурал у 2017 годзе і прысьвяціў яго Беларусі — «сэрцу Эўропы». Мурал зьяўляўся самай манумэнтальнай праявай ЖЭС-арту (несьвядомае, створанае камунальнікамі вулічнае мастацтва) у Менску. У работ Басалеці ёсьць свая «фішка». Малюнак можна ўбачыць цалкам не адразу, а толькі пасьля таго, як уключыш фільтар нэгатыву ў наладах камэры тэлефона.

У 2017 годзе ён прэзэнтаваў свае працы ў Менску і паказваў накід чыноўнікам. Працэс афіцыйнага ўзгадненьня зацягнуўся, і паколькі мастака чакаў наступны праект у Італіі, ён пачаў маляваць мурал да таго, як ён быў афіцыйна ўзгоднены з гарадзкімі ўладамі. У выніку мастака затрымала міліцыя і завезла яго ў Кастрычніцкае РУУС. Пасьля праверкі дакумэнтаў Басалеці адпусьцілі. Пазьней менскія ўлады дазволілі аргентынскаму мастаку дамаляваць свой мурал.

Гэта ня першы мурал, які зафарбоўваюць у Менску. Напрыклад, «Чалавек без імя» на шматпавярховіку на вуліцы Варанянскага, 13 выклікаў шмат дыскусій, і у 2018 годзе праз скаргі мясцовых жыхароў яго зафарбавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG