Удзень 27 ліпеня менскія рамонтнікі пачалі зафарбоўваць мурал «Man with no name», які грэцкі мастак iNo намаляваў у 2015 годзе ў межах фэстывалю Urban Myths на доме па вуліцы Варанянскага.
У 2016 годзе Менгарвыканкам вырашыў, што «парадак стварэньня твораў манумэнтальнага мастацтва ня быў даведзены да некаторых аўтараў», таму адну з працаў арт-фэсту варта зафарбаваць або зьмяніць. Аўтара абавязвалі даказаць, што работа мае быць.
Пры тым падчас Urban Myths гарадзкія ўлады не патрабавалі загадзя эскізаў дзеля атрыманьня экспэртнага заключэньня Менскай гарадзкой мастацка-экспэртнай рады.
Манумэнтальны стрыт-арт у Менску: «Адчуць, што не паселеныя ў клетку гарадзкой архітэктуры»
Супраць «Man with no name» выступіла жыхарка Менску Настасься Ерамеева, якая сьцьвярджала, што работа нагадвае ёй «анёла сьмерці». У пэтыцыі на Change.org яна выступіла супраць многіх іншых манумэнтальных прац у Менску, створаных у межах праектаў «Urban Myths» і «Vulica Brasil», знайшоўшы ў кожнай нешта нэгатыўнае.
Пэтыцыя Ерамеевай набрала 223 подпісы, але камэнтары супраць пэтыцыі набралі сумарна амаль тысячу лайкаў. Тым часам пэтыцыя за тое, каб зафарбаваць саму Ерамееву, набрала амаль 2300 подпісаў.
Чыноўнікі прызнавалі, што атрымалі вялікую колькасьць зваротаў з просьбай захаваць графіці «Чалавек без імя».
Гэта ня першае мастацкае графіці, якое вырашылі зафарбаваць. Так, чыноўнікам не падабаліся выявы і Васіля Быкава, і Аль Капонэ — у выніку яны зьніклі.