Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За новы мурал на вуліцы Сталетава ў Менску далі штраф. Ці будуць яго замалёўваць?


Мурал на вуліцы Сталетава ў Менску
Мурал на вуліцы Сталетава ў Менску

49 рублёў за малюнак на фасадзе 9-павярховага дома па вуліцы Сталетава, 2 — столькі павінны заплаціць аўтары працы, паведамляе сайт Naviny.by.

Сам мурал пакуль не зьбіраюцца замалёўваць. Пра гэта Свабодзе сказаў Алег Ларычаў, каардынатар фэстывалю манумэнтальнага стрыт-арту Urban Myths, у межах якога і зьявіўся мурал на вуліцы Сталетава.

«Усім жыхара падабаецца. 100% пазытыву. Першы раз такое. Мастаку яшчэ падчас працы прыносілі мёд, піражкі, гарбату. Прасілі, каб мы зрабілі муралы і на іншых дамах раёну», — сказаў Ларычаў Свабодзе.

Графіці на дзевяціпавярховым доме ў Партызанскім раёне Менску стварыў гішпанскі мастак Sabek, на фрэсцы — дзяўчына зь вянком на галаве, на руках у яе чорны кот.

Менскія ўлады былі ў курсе, што такая карціна зьявіцца, але надта доўга ўзгаднялі яе эскіз.

«Я загадзя хадзіў у адміністрацыю Партызанскага раёну і казаў, што вельмі хутка трэба ўзгадніць эскіз. На словах сказалі, што ўсё будзе добра», — сказаў Ларычаў.

Калі ж зьявіўся эскіз, з адміністрацыі доўгі час не было адказу. У арганізатараў не было іншага варыянту, як пачаць працу на сьцяне дома.

Ларычаў лічыць, што адміністрацыя раёну ня будзе замалёўваць мурал гішпанскага мастака. Вынесены яму штраф у 49 рублёў ён бачыць як рэакцыю на загад мастацкага савету зьнішчыць мурал, які ня быў узгоднены.

У межах праекту Urban Myths замежныя мастакі прыяжджалі ў Беларусь і рабілі вялізныя росьпісы шматпавярховых дамоў. Дзякуючы Urban Myths у Менску зьявілася некалькі вядомых муралаў: «Дзяўчынка ў вышыванцы», «Ярыла», «Чалавек без імя», «Сэрца».

Манумэнтальны стрыт-арт у Менску: «Адчуць, што не паселеныя ў клетку гарадзкой архітэктуры»

«У адміністрацыю Партызанскага раёну я хадзіў за месяц да прыезду мастака, яны былі ў курсе, што нам трэба хутка гэта зрабіць. А калі мастак быў на месцы, пачаліся вялікія выходныя, мы не атрымалі ніякага адказу. Ды і на станоўчае рашэньне мастацкай рады наогул мала надзеі, яны наогул нічога не ўзгадняюць», — сказаў Ларычаў.

У выніку адміністрацыя Партызанскага раёну аштрафавала Алега Ларычава на 2 базавыя велічыні (49 рублёў) за «парушэньне архітэктурнага фасаду будынку».

18 верасьня 2017 году невядомыя «людзі ў цывільным» затрымалі і зьвезьлі ў невядомым кірунку аргентынскага мастака Франчэска Басалеці падчас таго, як ён пачынаў маляваць мурал на будынку на вуліцы Рабкораўскай у межах фэстывалю Urban Myths. Аднак пазьней менскія ўлады ўсё ж дазволілі аргентынскаму мастаку дамаляваць свой мурал.

27 ліпеня 2018 году менскія рамонтнікі пачалі зафарбоўваць мурал «Man with no name», які грэцкі мастак iNo намаляваў у 2015 годзе ў межах фэстывалю Urban Myths на доме па вуліцы Варанянскага ў Менску.

Цяпер у рамках праекту Urban Myths ў Менску працуе мастак Фінтан Мэгі з Аўстраліі, ён малюе мурал на фасадзе дзевяціпавярховіка па вуліцы Ляшчынскага, 5. Пакуль праца ня скончаная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG