Джэймс Гілмар, амбасадар ЗША пры Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ), заклікаў у аўторак Маскву спыніць фальсыфікацыю гісторыі Другой усясьветнай вайны. Гілмар заявіў пра гэта напярэдадні дня сьвяткаваньня перамогі над нацыстамі ў Эўропе падчас віртуальнага пасяджэньня Пастаяннай рады АБСЭ, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Поўны тэкст выступу Джэймса Гілмара апублікаваны на сайце прадстаўніцтва ЗША пры АБСЭ.
Гілмар падкрэсьліў, што, «хоць вайсковае і цывільнае насельніцтва Савецкага Саюзу пайшло на велізарныя ахвяры, каб перамагчы нацыстаў [...] — і мы шануем гэтыя ахвяры цалкам — мы таксама не павінны забываць, што Другая ўсясьветная вайна пачалася ў 1939 годзе, калі Сталін і Гітлер заключылі пакт, які падзяліў Усходнюю Эўропу на зоны, кантраляваныя Савецкім Саюзам і нацыстамі. Я ўпэўнены, што нашы польскія сябры сёньня не забыліся пра гэты факт ні на адну сэкунду».
Дыплямат нагадаў удзельнікам пасяджэньня, што ў 1945 годзе шмат якія эўрапейскія краіны атрымалі не свабоду, а трапілі пад «амаль 50-гадовы гнёт Савецкага Саюзу». Такім чынам, дарога да сапраўднага вызваленьня стала доўгай, а ў некаторых выпадках краіны былога сацыялістычнага лягеру «да гэтага часу ідуць гэтым шляхам».
«Мы заклікаем Расею перастаць займацца самаўсхваленьнем, заснаваным на мэтанакіраваным скажэньні гісторыі. Мы салідарныя з нашымі эўрапейскімі партнэрамі супраць фальсыфікацыі гісторыі, якую дапускае Расея», — заявіў Гілмар.