80 гадоў таму ў Берасьці прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды перадачы гораду вэрмахтам (узброенымі сіламі нацысцкай Нямеччыны) пад кантроль савецкай Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі.
Салдаты вэрмахту ўрачыстым маршам прайшлі перад трыбунай, на якой стаялі прадстаўнікі савецкага і нямецкага камандаваньня. Быў спушчаны нямецкі сьцяг і ўзьняты савецкі.
Берасьці, якое належала Польшчы, было занятае вэрмахтам падчас кампаніі супраць гэтай краіны, што пачалася 1 верасьня. Напад 1 верасьня стаўся і пачаткам Другой сусьветнай вайны.
17 верасьня ў Польшчу ўвайшлі савецкія войскі. Згодна дамоўленасьцяў паміж Нямеччынай і СССР, горад, аднак, уваходзіў у так званую савецкую сфэру ўплыву і павінен быў быць перададзены пад кантроль савецкіх войскаў, якія падышлі да яго з усходу.
Захаваліся фота і відэа параду, а таксама ўспаміны вайскоўцаў, якія яго прымалі — нямецкага генэрала Гейнца Гудэрыяна (пасьля аднаго з кіраўнікоў нямецкага наступу на Маскву) і савецкага камбрыга Сямёна Крывашэіна.
Берасьце, як і іншыя тэрыторыі Заходняй Беларусі, былі ўключаны ў склад Беларускай ССР. Пасьля нападу Нямеччыны на СССР у чэрвені 1941 году за Берасьцейскую крэпасьць вяліся цяжкія баі.
У савецкія часы факт сумесных мерапрыемстваў савецкіх і нямецкіх войскаў у Берасьці не афішаваўся. Шэраг расейскіх гісторыкаў сьцьвярджаюць, што казаць аб сумесным парадзе нельга, паколькі савецкія войскі ня ўдзельнічалі ў праходжаньні войскаў, а толькі назіралі за ім.
Такога ж меркавання прытрымліваецца міністар культуры Ўадзімір Мядзінскі, які ў адным з інтэрвію назваў доказы правядзеньня параду «фантасмагарычнай хлусьнёй, выдумкай і фаташопам таго часу».
У гадавіну параду ў Берасьці МЗС Расіі апублікавала твіт, у якім гаворыцца, што «дзякуючы савецка-нямецкай дамове аб ненападзе (так званым пакце Молатава — Рыбэнтропа, заключаным 23 жніўня 1939 году, у сакрэтным пратаколе да якога падзяляліся „сфэры ўплыву“ у Польшчы. — РС) вайна пачалася на стратэгічна больш выгадных для СССР рубяжах, насельніцтва гэтых тэрыторый зазнала нацысцкі тэрор на два гады пазьней, былі выратаваныя сотні тысяч жыцьцяў».
Твіт выклікаў рэзкую рэакцыю многіх карыстальнікаў сацыяльных сетак.
- У сувязі з 80-й гадавінай пачатку Другой сусьветнай вайны Эўрапарлямэнт 19 верасьня прыняў рэзалюцыю, у якой усклаў адказнасьць за яе разьвязваньне як на Нямеччыну, так і на Савецкі Саюз і асудзіў таталітарныя рэжымы — як нацысцкі, так і камуністычны.
- Пры гэтым цяперашнія расейскія ўлады былі абвінавачаныя ў імкненьні фальсыфікаваць гістарычныя факты.