Больш за дзясятак беларускіх гуртоў і выканаўцаў возьмуць удзел у музычным онлайн-маратоне «Live Aid: COVID-19» у падтрымку збору сродкаў на дапамогу беларускім мэдыкам — кампаніі #ByCovid19.
Канцэрт ладзяць Polugar Bar, MediaCube Production і «Эўрарадыё» — апошняе будзе трансьляваць канцэрт на сваім сайце, Youtube-канале і ў сацсетках ад 12.00 10 траўня.
На канцэрце выступяць:
- Tornado;
- «Петля пристрастия»;
- The Stokes;
- The Road Dogs;
- 2morrow2late;
- The Silicon;
- Panska Moc;
- Artefact Band;
- Аляксандар Памідораў і «Пьяные гости»;
- Алег Хаменка;
- Пётар Клюеў
- і іншыя.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Грошы на падтрымку беларускіх мэдыкаў можна ахвяраваць кампаніі #ByCovid19 як падчас канцэрту, так і проста цяпер.
«Маратон будзе не зусім звычайны, бо, акрамя сапраўднага рок-канцэрту з паўнавартасным жывым выкананьнем і драйвам, гледачы змогуць задаць розныя пытаньні галоўным лекарам найбуйнейшых лякарняў, ну і, вядома, пагутарыць з папулярнымі музыкамі і валянтэрамі кампаніі ByCovid19», — піша адзін з ініцыятараў кампаніі Андрэй Стрыжак.
Гэта ня першы інтэрнэт-канцэрт у падтрымку беларускіх мэдыкаў. Пад падобныя канцэрты быў створаны цэлы сэрвіс Artist.gives, дзе ўжо выступалі Akute, Šuma, «Дай дарогу» і іншыя. Неўзабаве там выступяць Uzari, Palina і іншыя. Свой дабрачынны фэст рабілі беларускія мэталісты.
Многія музыкі даюць інтэрнэт-канцэрты і проста так, бяз мэты збору грошай мэдыкам. Напрыклад, 6 траўня акустычны «не-канцэрт» ладзіць гурт «Крама».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.