Сабралі падзеі з культурнага жыцьця, да якіх можна далучыцца, не пакідаючы сваёй кватэры, з 4 па 10 траўня.
«Літаратары на карантыне»
У праекце Радыё Свабода на працягу бліжэйшых месяцаў можна паслухаць і паглядзець чытаньні ад вядомых беларускіх аўтараў — паэтаў, празаікаў, эсэістаў і перакладчыкаў. На гэтым тыдні для вас чытаюць:
5 траўня, 19:00 — Аляксандар Лукашук чытае сваё апавяданьне «Маскарад».
7 траўня, 19:00 — украінскі літаратар Аляксандар Ірванец чытае свае вершы ў перакладзе на беларускую мову Веры Бурлак і Андрэя Хадановіча.
9 траўня, 19:00 — аўдыёвізуальная містэрыя Ільлі Сіна паводле фрагмэнтаў з раману «Libido».
Усе чытанні праходзяць на нашым YouTube канале Свабода Падкасты.
Лічбавая экскурсія па Беларусі
Убачыць цікавыя і адметныя мясьціны краіны, пазнаць іх гісторыю цяпер можна не выходзячы з дому.
Прагуляцца па інтэрактыўнай мапе можна тут.
Таксама стваральнікі экскурсіі — Telegram-каналы @belarusspadchina і @nalicome — прапануюць пазнаёміцца з адметнасьцямі беларускіх нацыянальных строяў па шасьці рэгіёнах: Цэнтральная Беларусь, Усходняе і Заходняе Палесьсе, Панямоньне, Наддзьвіньне і Прыдняпроўе.
Онлайн-экскурсія па Падняпроўі
Музэй архітэктуры і побыту пакажа царкву 1704 году ў вёсцы Барань, млын з Хоцімскага раёну, старажытныя сялянскія хаткі, а таксама пазнаёміць з бортніцтвам на тэрыторыі Беларусі.
Таксама можна паглядзець на «фотазамалёўкі з Заходняга Палесься».
На віртуальнай выставе прадстаўленыя здымкі 1980-х гадоў з экспэдыцый па Пінскім, Драгічынскім, Столінскім, Кобрынскім раёнах Брэсцкай вобласьці.
Страшна цікава. Гісторыя менскіх эпідэмій
Краязнаўца і экскурсавод Цімафей Акудовіч зрабіў вялікую пешаходную экскурсію па Менску. Цімафей кажа, што тэма для яго была новая і падчас падрыхтоўкі ён нават для сябе адкрыў шмат цікавага.
«Адна з такіх цікавостак — гісторыя пра манахаў-рахітаў, якія жылі ў Менску, — расказвае Цімафей. — У далёкім 1713 годзе віленскі біскуп Казімір Бжастоўскі прыдумаў заснаваць новы манаскі ордэн. Асаблівасьць яго была ў тым, што манахі бралі на сябе абавязак даглядаць чумных хворых. Сьвятога апекуна выбралі адпаведнага — сьв. Роха, француза, які ў XIII ст. меў ласку Божую вылечваць людзей ад чумы.
У нас, на жаль, не захавалася выявы рахітаў, але, па апісаньнях, на чорным плашчы яны насілі малюнак чэрапа і касьцей».
Убачыць і зразумець Менск праз творы беларускіх мастакоў
Музэй Менску распачаў праект «Шпацыр па горадзе сонца», першая частка якога прысьвечаная гісторыі плошчы Перамогі ў творах Мая Данцыга, Уладзіміра Стэльмашонка, Паўла Гаўрыленкі, Уладзімера Басалыгі і іншых мастакоў.
Прайсьці па залі Каліноўскага
Мілавідзкая школа ў Баранавічах зрабіла онлайн-экскурсію па музэйнай залі Кастуся Каліноўскага.
У залі — некаторыя элемэнты зброі паўстанцаў, копіі газэты «Мужыцкая праўда», копіі розных дакумэнтаў часоў паўстаньня і фотаматэрыялы пра тыя падзеі.
Музэй Янкі Купалы знаёміць з экспанатамі і робіць відэагісторыі пра жыцьцё пісьменьніка ў сваім інстаграме.
А тэатар Янкі Купалы працягвае штодзённыя чытаньні ад актораў
Тэатар юнага гледача
На бліжэйшым тыдні можна паглядзець архіўныя запісы спэктакляў:
- 4 траўня — «Майго юнацтва крылы», паводле паэмы «Хамуціус» Аркадзя Куляшова
- 5 траўня — «Тарас на Парнасе» (Сяргей Кавалёў)
- 6 траўня — «Мешчанін у шляхецтве» (Мальер)
- 7 траўня — «Палачанка» (Аляксей Дудараў)
- 8 траўня — «Я бачу сонца» (Надар Думбадзэ)
- 9 траўня — «Казка чароўнага лесу» (Сяргей Казлоў, Леанід Жухавіцкі)
- 10 траўня — «Шытая лялька Рэгедзі Эн» (Уільям Гібсан)
Трансьляцыі даступныя з 18:00 у дзень паказу і на працягу сутак на канале тэатру.
Паглядзець «Страшны двор» Манюшкі
Вялікі тэатар нацыянальнай опэры ў Варшаве працягвае паказы сваіх спэктакляў. Гэтым разам ёсьць магчымасьць убачыць опэру па творы Станіслава Манюшкі, пастаўленую рэжысэрам Дэвідам Путні.
«Разгортваючы дзеяньне ў 1920-х гадах, брытанскі рэжысэр вызваліў Стэфана і Зьбігнева ад імглы паўстанцкіх уздымаў і паражэньняў, пераносячы іх у сьвет краіны, якая перажывала мадэрнізацыю пасьля Першай усясьветнай вайны. Сярод прыгожых кадраў у спэктаклі зьявяцца карціны „Цуд над Віслай“ Ежы Косака, а таксама „Поры году“ Франсуа Бушэ. Блісьне макет шляхецкага двара, нават зашалясьцяць сукенкі і фракі, але ўсё гэта разам набудзе эўрапейскі размах», — гаворыцца ў апісаньні спэктакля.
Трансьляцыя даступная на пляцоўцы VOD.
Спэктаклі Свабоднага тэатру
Беларускі свабодны тэатар працягвае знаёміць са сваімі спэктаклямі за 15 гадоў існаваньня.
На бліжэйшых выходных можна паглядзець:
- 9 траўня — «Ёлка у Ивановых», 2012 (рэжысэр Уладзімер Шчэрбань)
- 10 траўня — «Время женщин», 2015 (рэжысэр Мікалай Халезін)
Трансьляцыі праходзяць тут, а таксама ў сацыяльных сетках.
Нагадаем, што падчас кампаніі Love Over Virus ёсьць магчымасьць паслухаць казкі на беларускай, расейскай і ангельскай мовах ад актораў тэатру.
Дарэчы, казку можна паслухаць і ад Андруся Такінданга.
Швэдзкая амбасада стварае відэа з казкамі для беларускіх дзетак на карантыне. У другім выпуску музыка Андрусь Такінданг прачытаў казку «Мама Му на арэлях» Юі і Тумаса Вісландэр па-беларуску.
«Чытанкі для самых маленькіх»
Ганна Хітрык і Павал Харланчук чытаюць казкі на беларускай мове для дзетак дашкольнага ўзросту.
Літаратурная сустрэча «Санаторый пад клепсыдрай»
Героем трэцяй сустрэчы стане польскі празаік Павал Гюле.
«Разам з Марынай Шодай, беларускай перакладчыцай двух яго раманаў і шэрагу апавяданьняў, пагаворым пра тое, як кнігі Паўла Гюле могуць служыць даведнікам па гісторыі Гданьску і мапай яго вуліц. Як рэальнасьць робіцца містычным перажываньнем, а „кніга падзеяў“ ператвараецца ў „кнігу цудаў“. Пра смаўжоў, калюжыны і дождж, пра траекторыю краба, пра каляровыя выбухі і „кары эгіпецкія“, што назіраліся ў Гданьску ў 1957 годзе, пра рэальнасьць, міт і памяць, якая можа першае ператвараць у другое», — гаворыцца ў апісаньні падзеі.
Трансьляцыя адбудзецца 5 траўня, а 17 гадзіне тут.
Штутгарцкая опэра пакажа онлайн опэру «Барыс»
8 траўня можна ўбачыць пастаноўку, у якой аб’яднаныя «Барыс Гадуноў» Мадэста Мусаргскага і «Час сэканд-хэнд» Сяргея Неўскага паводле кнігі Сьвятланы Алексіевіч.
«Бясьпечны LIVE» ад Арт Сядзібы
На пляцоўцы для аматараў жывых канцэртаў 7 траўня ў 20:30 выступіць пост-панк гурт Nürnberg.
Таксама ў інстаграме Арт Сядзібы праходзяць штотыднёвыя тэматычныя рубрыкі.
Пачынаючы з 4 траўня — тыдзень зь Сержуком Доўгушавым, культурным дзеячам, сьпеваком, лідэрам гурту Vuraj, стваральнікам «Сьпеўных сходаў» і ўстановы «Tradycyja».
За тыдзень у сторыз Сяржук раскрые сакрэты правільнага дыханьня, аздараўляльныя эфэкты «прыродных сьпеваў», раскажа пра глыбіню і важнасьць нашай традыцыйнай музыкі.
«Мы далучымся да „Сьпеўных сходаў“, пазнаёмімся са стылямі музыкі і прааналізуем розных вакалістаў, іх памылкі і вакальныя магчымасьці. Будзем настройваць свой тонус праз гучаньне і песьні», — абяцаюць арганізатары.