Менскі беларускамоўны пост-панк-гурт Nürnberg выдаў другі студыйны альбом «Пагарда». Усе дзесяць песень ужо можна паслухаць у сеціве, таксама альбом можна купіць на дыску. Запісам, зьвядзеньнем і мастэрынгам займаўся Раман Марагорцаў з гурту «Молчат дома».
Гурт Nürnberg быў заснаваны летам 2017 году, стаў «Адкрыцьцём году» ў 2018-м паводле вэрсіі TuzinFM, у тым жа годзе гурт дайшоў да фіналу «Басовішча».
Свой першы міні-альбом «У нікуды» гурт выдаў у 2018 годзе на аўдыёкасэце на бэрлінскім DIY-лэйбле. Першы паўнавартасны альбом «Скрывай» таксама быў «самаробным», але выйшаў ужо ў Беларусі.
У сваёй суполцы «ЎКантакце» гурт Nürnberg зьбірае водгукі беларускіх музыкаў пра новы альбом. Напрыклад, Руся з гурту Šuma называе яго «рамантычным дрым-попам» і адзначае, што мова «гарманічна ўліваецца ў музыку», як бывае нячаста. А Ягор Шкутко з «Молчат дома» называе Nürnberg «новымі The Cure».
А студыя Sierpien Records, якая выдала альбом, адзначае, што музыка гурту стала «больш змрочнай, горкай і насычанай» і «наблізілася да польскай новай хвалі і пост-панку 80-х».