Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым у Беларусі спрабуюць лекаваць COVID-19. Дакумэнт Мінздароўя


Даказана эфэктыўных лекаў ад хваробы COVID-19, як і вакцынаў ад вірусу SARS-CoV-2, пакуль няма нідзе ў сьвеце. Але ёсьць лекі, якія могуць зьмякчыць сымптомы, і экспэрымэнтальныя сродкі, якія тэарэтычна могуць дапамагчы супраць вірусу. Некаторыя выкарыстоўваюцца і ў Беларусі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

На сайце Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту апублікаваны загад Міністэрства аховы здароўя ад 24 красавіка, у якім пералічваюцца крытэры лёгкай, сярэдняй і цяжкай формы COVID-19, а таксама парадак вядзеньня пацыентаў.

Формы хваробы:

  • бессымптомная — адназначнай дэфініцыі няма, але пацыенты пры ёй ня маюць скаргаў, а прыкметы хваробы можна пабачыць хіба пры рэнтгеналягічным дасьледаваньні грудной клеткі і ў нязначных зьменах паказьнікаў аналізаў крыві;
  • лёгкая форма — паражэньне толькі верхніх аддзелаў дыхальных шляхоў, можа быць тэмпэратура цела ніжэйшая за 38,5°С, слабасьць, болі ў горле, страта нюху, кашаль — сухі або з рэдкай макротай, катар і іншае, але без прыкметаў пашкоджаньня функцый унутраных органаў;
  • сярэдняя форма — тэмпэратура вышэйшая за 38,5°С, кашаль, выразная слабасьць і ліхаманкава-інтаксыкацыйны сындром; няцяжкая пнэўманія з паражэньнем ніжніх дыхальных шляхоў без дыхальнай недастатковасьці;
  • цяжкая форма — цяжкая пнэўманія з паражэньнем ніжніх дыхальных шляхоў з прыкметамі дыхальнай недастатковасьці, зьніжэньне ўзроўню сьвядомасьці, выразная слабасьць, дыхавіца, востры рэсьпіраторны дыстрэс-сындром.

Фактары, якія абцяжарваюць цячэньне пнэўманіі ў хворых на COVID-19

  • узрост звыш 55 гадоў;
  • марбіднае атлусьценьне (індэкс масы цела, вышэйшы за 40),
  • цукровы дыябэт,
  • хранічная кардыяваскулярная паталёгія з сардэчнай недастатковасьцю,
  • хранічная паталёгія лёгкіх — такая, як бранхіяльная астма ці абструктыўная хвароба лёгкіх,
  • злаякасныя новаўтварэньні,
  • лячэньне іншай хваробы з выкарыстаньнем імунасупрэсіўных ці глюкакартыкоідных сродкаў,
  • трансплянтацыя салідных органаў ці касьцявога мозгу,
  • ВІЧ-інфэкцыя, тубэркулёз ці вірусныя гепатыты,
  • анкагематалягічныя і сыстэмныя хваробы злучальных тканак.

У групу рызыкі трапляюць тыя, у каго ёсьць хоць адна з названых хваробаў, незалежна ад узросту. Цяжарных таксама адносяць да групы рызыкі, але не таму, што менавіта гэты вірус моцна на іх уплывае, а праз агульны стан арганізму падчас цяжарнасьці.

Чым спрабуюць лячыць COVID-19

Сярод прэпаратаў, якія прызначаюцца пры сярэдняй і цяжкай формах хваробы, у розных умовах называюць гідроксіхлярын, азытраміцын, тацылізумаб, антыбактэрыяльныя лекі (калі немагчыма выключыць небальнічную вірусна-бактэрыяльную або другасную бактэрыяльную пнэўманію), нізкамалекулярныя гепарыны (з агаворкай пра ацэнку карысьці і рызыкаў), папінавір/рытанавір.

Усе гэтыя лекі ня варта спрабаваць ужываць самастойна — іх мае выпісаць лекар або кансыліюм лекараў. Дасьледаваньняў, якія прызнавалі б нейкі спосаб лячэньня COVID-19 адназначна эфэктыўным, пакуль нідзе ў сьвеце не публікавалася, пошук лекаў і вакцыны працягваецца.

Пераліваньне плязмы ад тых, хто перахварэў COVID-19, часам згадваецца як экспэрымэнтальны спосаб, які выкарыстоўваецца і ў Беларусі. Але ў гэтым дакумэнце міністэрства пра пераліваньне плязмы нічога не гаворыцца.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG