Леанід Савіч працаваў рэнтгенолягам Любанскай цэнтральнай раённай бальніцы. Яму было 54 гады. Інфармацыю пра гэта пацьвердзіла загадчыца паліклінікі Антаніна Голуб.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Ён ляжаў у рэанімацыі. На жаль, Леанід Анатолевіч пайшоў з жыцьця, — сказала ў размове са Свабодай загадчыца паліклінікі любаньскай лякарні Антаніна Голуб. — Цяпер цела накіравалі на ўскрыцьцё, будзе відаць. Так, у яго быў пацьверджаны (COVID-19. — РС)».
Міністэрства аховы здароўя Беларусі не паведамляе дакладнай статыстыкі выпадкаў захворваньня мэдыкаў на COVID-19, а таксама не дае лічбы сьмерцяў мэдыкаў, у якіх быў выяўлены каранавірус.
Вядома толькі, што сотні беларускіх мэдыкаў заразіліся COVID-19, многім дыягнаставалі пнэўманію. Сярод іх ёсьць і памерлыя. Свабода сабрала гісторыі пра лекараў, фэльчараў і мэдсясьцёр, якія сёлета страцілі жыцьцё, ратуючы беларусаў ад новай для чалавецтва хваробы:
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ