Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Аргентыне цяпер 8 беларусаў». Як кругасьветная падарожніца спрабуе вярнуцца ў Беларусь


Кацярына Дубаневіч
Кацярына Дубаневіч

Пандэмія каранавіруснай інфэкцыі перапыніла кругасьветнае падарожжа на матацыкле 34-гадовай беларускі Кацярыны Дубаневіч. Кацярына выправілася ў дарогу ў жніўні 2018 году, праехала на матацыкле Эўразію, Аўстралію, Паўночную Амэрыку, частку Паўднёвай Амэрыкі, наперадзе была Афрыка і вяртаньне ў Менск сёлета ў траўні. Ужо другі месяц Кацярына ў карантыне ў Аргентыне, цяпер у Буэнас-Айрэсе.​

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«На сёньняшні дзень у беларусаў, якія знаходзяцца ў Аргентыне, дзьве патэнцыйныя магчымасьці дабрацца дадому»

Карантын быў уведзены ў Аргентыне 20 сакавіка і ўжо некалькі разоў падаўжаўся. Некалькі дзён таму быў падоўжаны да 10 траўня, кажа Кацярына Свабодзе.

— Для невялікіх гарадоў ужо ідзе паслабленьне рэжыму ізаляцыі, шмат якія прадпрыемствы вяртаюцца да працы. Насіць маску абавязкова, дазволеныя прагулкі да 500 м на працягу 1 гадзіны ў дзень. Прабежкі, паездкі на ровары па-ранейшаму забароненыя. Для жыхароў вялікіх гарадоў дазволены выхад на вуліцу ў бліжэйшую краму ці аптэку.

У апошнім выступе прэзыдэнта Аргентыны было агучана, што ніякіх камэрцыйных рэйсаў ні з краіны, ні ў краіну ня будзе да верасьня. На сёньняшні дзень у нас (у Аргентыне цяпер 8 беларусаў) дзьве патэнцыйныя магчымасьці дабрацца дадому. Першая зьвязаная з эўрапейскімі вывазнымі рэйсамі — калі нас возьмуць на борт да любога эўрапейскага гораду, адкуль лётае Белавія да Менску. Другі варыянт — таксама вывазны рэйс, калі ён будзе арганізаваны для расейцаў, іх тут 160 чалавек. Мы кантактуем праз чат, падтрымліваем адзін аднаго, ва ўсіх вельмі розныя ўмовы і магчымасьці, шмат хто зь дзецьмі. Беларускі консул у Аргентыне Павал Міронаў прапрацоўвае абодва варыянты. Менавіта дзякуючы яму мне ўдалося трапіць на аўтобус, які арганізавала францускае консульства, каб выехаць з маленькага гораду на мяжы з Бразыліяй і дабрацца да Буэнас-Айрэса.

Кацярына Дубаневіч кажа, што больш складаная сытуацыя з адпраўкай матацыкла:

— Цяпер прыярытэт — у перавозцы грузаў першай неабходнасьці, і адправіць матацыкл практычна немагчыма. Я буду афармляць натарыяльную даверанасьць на майго сябра-аргентынца, каб ён змог адправіць мой матацыкл замест мяне, бо ніякай інфармацыі пра тэрміны аднаўленьня такіх перавозак пакуль няма.

«Так лягчэй не звар’яцець у замкнёнай прасторы»

У беларускі яшчэ засталіся зьберажэньні, на якія яна плянавала да траўня-чэрвеня вярнуцца дадому. Тым ня менш Кацярына ўладкавалася на дыстанцыйную працу, якая зьвязаная з базамі дадзеных запчастак для матацыклаў.

— Мы арандуем жыльлё разам з расейскай парай падарожнікаў Ганнай і Маркам, якія таксама апынуліся ў карантыне. Пазнаёміліся месяц таму ў Эль Чальтэне і сталі сябрамі. Нам камфортна разам, Марк выдатна гатуе, а прадукты ў Аргентыне даволі танныя, асабліва мяса (прыкладна 2,7 даляра за кіляграм). Наш дзень добра арганізаваны — падʼём, зарадка, сьняданак, праца, абед, я пішу артыкулы, апрацоўваю фатаграфіі, гатуем вячэру, прагляд фільма або чытаньне, часта ходзім глядзець захад сонца на дах. Так лягчэй не зварʼяцець ад замкнёнай прасторы.

На пытаньне, колькі ў сярэднім патрэбна грошай кожны месяц у кругасьветным падарожжы, нельга адказаць адназначна, кажа Кацярына.

— Калі я жыла ў намёце і купляла прадукты на распродажах у супэрмаркетах, кошт падарожжа быў мінімальны. Цяпер разам з арэндай жытла ў месяц выходзіць каля 450 даляраў ($300 арэнда + $150 на прадукты).

Напружанасьць у грамадзтве, безумоўна, адчуваецца. Большая частка гатэляў, гостэлаў, Airbnb не прымаюць замежнікаў, людзі ўстрывожаныя, усе трымаюць дыстанцыю, не выходзяць на вуліцу безь неабходнасьці. У цэнтры адносна спакойна, шмат паліцэйскіх патрулёў. Што адбываецца на ўскраінах, я ня ведаю. Калі вярталася ў горад пасьля таго, як францускі аўтобус прывёз нас усіх у аэрапорт і эўрапейцы паляцелі па дамах, бачыла шмат канфіскаваных аўтамабіляў, пасты паліцыі кожныя 10 кілямэтраў. Мяне таксама затрымала паліцыя, трымалі пяць гадзін у пастарунку да высьвятленьня абставінаў, чаму я не на карантыне. Мяне адпусьцілі дзякуючы наяўнасьці паперы зь беларускага консульства, а вось у маладой пары канфіскавалі аўтамабіль, а іншым хлопцам выпісалі буйны штраф за парушэньне рэжыму ізаляцыі.

Кацярына Дубаневіч онлайн кантактуе зь сямʼёй, якая засталася ў Беларусі:

— Усе жывыя, здаровыя, выконваюць захады самаізаляцыі і чакаюць майго вяртаньня дадому. ​

Кацярына Дубаневіч падчас кругасьветнага падарожжа
Кацярына Дубаневіч падчас кругасьветнага падарожжа

Кацярына Дубаневіч падарожнічае на беласьнежным 16-гадовым BMW F650GS. Імя матацыкла — Генры Snow White. Яе хэштэг — #катякатит. Асноўная ідэя падарожжа — няма нічога немагчымага.

Такім меўся быць маршрут кругасьветнага падарожжы Кацярыны

Маршрут байкеркі Кацярыны Дубаневіч
Маршрут байкеркі Кацярыны Дубаневіч

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG