Крызіс — выдатны час кардынальна зьмяніць сваё жыцьцё і пачаць рабіць тое, да чаго сапраўды ляжыць твая душа. І пакуль усе перажываюць наконт росту курсаў валют, увядзеньня чарговых падаткаў і абмежаваньняў, я вырашыў напоўніцу аддацца свайму ўлюбёнаму хобі — падарожжам.
Давайце знаёміцца. Я — Аляксандар Гойшык, журналіст і вольны падарожнік. Апошнія 12 гадоў вандрую аўтастопам, за гэты час наведаў 40 краінаў сьвету. Як кожны сур’ёзны падарожнік, я мару праехаць вакол сьвету. Мінулым летам праехаў увесь Кітай, і вось цяпер зьбіраюся ў новае падарожжа па Азіі.
Галоўная мэта — далёкая і закрытая ад сьвету М’янма (ці па-старому Бірма), у якой дзясяткі гадоў правіла вайсковая хунта, а некалькі месяцаў таму на першых у гісторыі краіны свабодных выбарах перамагла дэмакратычная апазыцыя. Ёсьць спадзяваньні, што цяпер М’янма стане больш адкрытай і там адбудуцца мірныя перамены. Вось гэта я і хачу спраўдзіць, а таксама паспрабаваць зразумець, як досьвед гэтай далёкай краіны на шляху да дэмакратыі можа быць карысны для Беларусі.
Па дарозе да М’янмы я пляную праехаць паўтара дзясятка краінаў, ня ўсе зь якіх прызнаныя (напрыклад — Прыднястроўе, Абхазія, Нагорны Карабах). Перада мною шмат месяцаў падарожжа, некалькі дзясяткаў тысяч кілямэтраў аўтастопам, сотні ўнікальных гістарычных месцаў і прыродных паркаў. І, што самае важнае, — тысячы цікавых чалавечых гісторыяў і незвычайных лёсаў.
Я буду весьці відэадзёньнік, дзе буду дзяліцца самым цікавым з таго, што трапляецца мне ў дарозе, старацца пабачыць далёкае жыцьцё і зрабіць яго блізкім для вас.