Ніжняя палата парлямэнту Таджыкістану прыняла папраўкі да заканадаўства, якія забараняюць «русыфікаваць» таджыцкія прозьвішчы і імёны па бацьку пры рэгістрацыі імёнаў нованароджаных. Пра гэта паведамляе таджыцкая служба Радыё Свабода.
Цяпер пры рэгістрацыі немаўлятаў забаронена выкарыстоўваць славянскія суфіксы -ов, -ова, -ев, -ева ў таджыцкіх прозьвішчах, а суфіксы -ович, -овна, -евич і -евна — у таджыцкіх імёнах па бацьку. Выключэньне толькі для прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў.
Міністар юстыцыі Таджыкістану пры абмеркаваньні дакумэнту заявіў, што яго прымаюць дзеля фармаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці. У 2007 годзе прэзыдэнт краіны Эмамалі Рахмон зьмяніў прозьвішча з Рахмонава, пасьля чаго шматлікія чыноўнікі і грамадзяне сталі браць зь яго прыклад, зьмяняючы імёны і прозьвішчы на нацыянальныя.
Улады краіны ўжо забаранялі зрусыфікаваныя прозьвішчы. Аднак у грамадзтве зьявілася тэндэнцыя на выкарыстаньне расейскіх заканчэньняў пры напісаньні прозьвішчаў і імёнаў па бацьку з тае прычыны, што працоўным мігрантам стала складаней шукаць працу ў Расеі, адзначае таджыцкая служба Радыё Свабода.
Русыфікацыю прозьвішчаў зазналі і беларусы. У ХІХ стагодзьдзі многія беларусы пры запісе ў войска або падчас іншай дакумэнтальнай фіксацыі атрымалі расейскія суфіксы ў прозьвішчы: Воўк стаў Волкавым, Каваль — Кавалёвым і гэтак далей.
Многія беларусы, калі спрабуюць абысьціся без імя па бацьку расейскага ўзору, спазнаюць бюракратычныя праблемы.