Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў указ аб падтрымцы эканомікі. Што ў ім


Аляксандар Лукашэнка падчас нарады аб «першачарговых мерах у забеспячэньню ўстойлівай працы эканомікі і сацыяльнай сфэры ва ўмовах сусьветнай эпідэміялягічнай сытуацыі», 23 красавіка
Аляксандар Лукашэнка падчас нарады аб «першачарговых мерах у забеспячэньню ўстойлівай працы эканомікі і сацыяльнай сфэры ва ўмовах сусьветнай эпідэміялягічнай сытуацыі», 23 красавіка

Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка зацьвердзіў указ № 143 «Аб падтрымцы эканомікі», якім прадугледжваюцца меры падтрымкі суб’ектаў гаспадараньня асобных галін эканомікі, «найбольш схільных да неспрыяльнага ўзьдзеяньня эпідэміялягічнай сытуацыі, якая склалася». Пералік такіх галін вызначаны ў дадатку да ўказа, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы.

Згодна з дакумэнтам, прадугледжана адтэрміноўка і растэрміноўка выплаты падатковых крэдытаў, скарочаны тэрмін вяртаньня з бюджэту розьніцы паміж сумай падатковых вылікаў і агульнай сумай ПДК.

Індывідуальным прадпрымальнікам даецца магчымасьць пераходу на іншыя рэжымы падаткаабкладаньня і пераразьліку адзінага падатку ў сувязі з часовым неажыцьцяўленьнем імі дзейнасьці.

Абласным і Менскаму Савету дэпутатаў рэкамэндавана ўдвая зьменшыць стаўкі адзінага падатку у другім і трэцім квартале.

Уводзяцца арэндныя канікулы, мараторый на павелічэньне базавай арэнднай велічыні і арэнднай платы. Акрамя таго, даецца права мясцовым распарадчым і выканаўчым органам памяншаць маёмасныя падаткі.

Юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам — уласьнікам маёмасьці рэкамэндавана даваць арандатарам адтэрміноўку па аплаце арэнднай платы, а таксама памяншаць яе памер з улікам абʼёму іх выручкі.

Абраны арганізацыяй парадак падатковага ўліку курсавых розьніц можа быць зьменены аднаразова на працягу 2020 года і будзе дзейнічаць на працягу ўсяго падатковага пэрыяду.

Міністрам аховы здароўя, антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, а таксама старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі дадзена права прыпыняць працу гандлёвага абʼекта, абʼекта грамадзкага харчаваньня да ліквідацыі парушэньняў (але не больш чым на 90 дзён) у выпадку ўстанаўленьня па выніках праверкі парушэньняў заканадаўства, кантроль за выкананьнем якога адносіцца да кампэтэнцыі адпаведнага ведамства.

«Гэта мера накіраваная на павышэньне дысцыпліны ў працы субʼектаў гаспадараньня, асабліва неабходнай ва ўмовах цяперашняй эканамічнай і эпідэміялягічнай сытуацыі», — удакладняе прэс-служба прэзыдэнта.

У мэтах захаваньня занятасьці і павелічэньня працоўнай мабільнасьці скарочаны мінімальны тэрмін папярэджаньня работнікаў аб зьмене наймальнікам істотных умоў працы (без памяншэньня памераў аплаты працы). Таксама працягнуты да трох месяцаў тэрмін магчымага часовага пераводу работнікаў у сувязі з вытворчай неабходнасьцю, з-за неспрыяльнага ўзьдзеяньня эпідэміялягічнай сытуацыі, а таксама для замяшчэньня адсутнага работніка.

Прадугледжаная выплата дапамогі па часовай непрацаздольнасьці асобам, што ажыцьцяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросьце да 10 гадоў, якое наведвае дашкольную ўстанову або ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі, калі гэта дзіця адносіцца да кантактаў першага або другога ўзроўню.

Для спрашчэньня працэдур закупак заказчыкам дадзена права на дзяржзакупкі з адной крыніцы (у абʼёме, неабходным для забесьпячэньня патрэбаў на працягу двух месяцаў) у выпадку, калі дамова з ранейшым пастаўшчыком скасаваная. Пры гэтым пастаўшчыкі, якія не выканалі свае абавязацельствы і вымушаныя скасаваць дамову па абʼектыўных прычынах, часова не будуць уключацца ў сьпіс нядобрасумленных пастаўшчыкоў.

Для таго, каб урад мог апэратыўна і гнутка рэагаваць на пагаршэньне эпідэміялягічнай сытуацыі, яму дадзена права на прыняцьце спэцыяльнага часовага парадку ажыцьцяўленьня дзяржаўных закупак, калі гэта спатрэбіцца.

Вызначана, што пагашэньне запазычанасьці за энэргарэсурсы ў замежнай валюце ажыцьцяўляецца па курсе рубля, устаноўленым Нацбанкам на 31 сьнежня 2019 года да замежнай валюты, якая выкарыстоўваецца для разьлікаў за энэргарэсурсы.

Прадугледжваецца распаўсюджваньне нормы аб падставах субсыдыярнай адказнасьці, устаноўленай у падпункце 5.6 пункта 5 дэкрэта № 7 ад 23 лістапада 2017 года «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», на адносіны, якія ўзьніклі да прыняцьця дэкрэта.

Аптэкам дазволілі гандляваць лекамі па-за гандлёвымі аб'ектамі да 1 ліпеня. Безрэцэптурныя лекі будуць дастаўляць на дом. Аптовыя і раздробныя цэны адвязалі ад гранічных адпускных цэн вытворцаў. Але іх будуць ўстанаўліваць па ўзгадненьні з камісіяй па пытаньнях дзяржрэгуляваньня цэнаўтварэньня пры Саўміне.

Ўвялі паслабленьні для тых, хто вырабляе і прадае антысэптыкі. Напрыклад, да 31 сьнежня ня будуць прымяняцца квоты на вытворчасьць іх для рэалізацыі ў Беларусі.

Поўны сьпіс відаў эканамічных дзейнасьці, якія найбольш пацярпелі з прычыны пандэміі можна паглядзець тут.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG