Міністар адукацыі Ігар Карпенка 24 красавіка сустрэўся з калектывам горадзенскай гімназіі №10. Як перадае БелТА, ён заявіў, што зьменаў ва ўступнай кампаніі сёлета не плянуецца.
«Мы паглядзім, як будзе разьвівацца сытуацыя, і прымем узважанае рашэньне, — паабяцаў міністар. — Але адразу можна сказаць, што выпускнікам ня трэба турбавацца: ніякіх зьменаў у форме правядзеньня уступнай кампаніі ня будзе. А як засцерагчыся, стварыць аптымальныя ўмовы — гэтае пытаньне цяпер прапрацоўваецца».
Міністар адхіліў прапановы, якія бачыў у інтэрнэце: зьмяніць форму ўступных іспытаў або адмяніць іх, зрабіць «конкурс атэстатаў». Маўляў, гэта «будзе няправільна і створыць няроўныя ўмовы».
На якую сытуацыю будуць «глядзець», БелТА не перадае, але падобна, што гаворка ідзе пра пандэмію каранавірусу, у сувязі зь якой у Беларусі падаўжалі школьныя вакацыі, а некаторыя школы ВНУ самастойна спрабавалі перавесьці заняткі на дыстанцыйную форму. Рэпэтыцыйнае тэставаньне ўжо працягнулі да 24 траўня, Інстытут кантролю ведаў папярэджвае, што могуць быць скасаваньні і пераносы рэпэтыцыйных тэстаў.
Графік цэнтралізаванага тэставаньня пакуль застаўся ранейшым: першы тэст, па беларускай мове, 13 чэрвеня, апошні, па сусьветнай гісторыі, 4 ліпеня, вынікі пасьля 12 ліпеня.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.