Беларускія школьнікі пачнуць займацца 20 красавіка, піша БелТА са спасылкай на міністра адукацыі Ігара Карпенку.
«Ад панядзелка пачнецца адукацыйны працэс у сыстэме агульнай сярэдняй адукацыі», — сказаў Ігар Карпенка.
Канец навучальнага году Мінадукацыі не плянуе пераносіць.
Прэс-сакратарка Мінадукацыі Людміла Высоцкая патлумачыла Свабодзе, што рашэньне тычыцца «ўсіх школаў без выключэньня».
«А калі хто ня хоча вадзіць дзяцей у школу, гэта іх права, хай пішуць заявы», — дадала яна.
Аляксандар Лукашэнка 17 красавіка заявіў, што з 20 сакавіка трэба пачынаць вучыцца ў школах. Праз каранавірус вакацыі ў школах Беларусі працягнулі на два тыдні.
«Трэба акуратна глядзець за людзьмі і наконт адукацыі, школаў і іншага, трэба пачынаць вучыцца, — перадае БелТА заяву Лукашэнкі. — Але павольна, спакойна. У вёсцы няма праблемаў, ну і трэба ж разумець, што мы дзетак кормім, і ўсе на пасяўной, куды падзець дзяцей? І праблем там няма. ВРВІ ўжо скончыліся».
Паводле Лукашэнкі, дзе могуць займацца ў школах, «хай займаюцца».
«Калі ў горадзе недзе, то тыдзень павінен пайсьці на павольнае ўцягваньне дзяцей да канца тыдня пасьля Вялікадня ў адукацыйны працэс. Трэба паступова пачынаць вучыцца. Трэба раскручваць гэты працэс».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ