«Гэтыя кадры здымаліся ў пачатку красавіка ў Беларусі, дзе да гэтага часу не ўвялі маштабныя абмежаваньні ў сувязі з эпідэміяй» — такім тэкстам на тле відаў перапоўненых вуліц Менску пачынаецца новая сэрыя праекту «Невядомая Беларусь».
Людзі бяз масак. Межы краіны адкрытыя, дзяржаўныя прадпрыемствы і бізнэс працуюць. У краіне праводзіцца адзіны ў Эўропе футбольны чэмпіянат.
Трансьляцыі футбольных гульняў зь Беларусі паказваюць дзясяткі сусьветных спартовых тэлеканалаў. Проста таму, што больш няма чаго. Гуляюць у футбол, нягледзячы на ўсеагульную пандэмію, толькі ў Беларусі і ў М’янме.
Спартоўцы выходзяць на поле ў майках з надпісам «Дзякуй дактарам». Матчы Вышэйшай лігі цяпер глядзіць аўдыторыя больш за паўтара мільярда чалавек — ад Чэхіі да Кітаю.
Нечаканай зоркай сусьветных тэлетрансьляцый стаў Валера.
Валеры Калантай — баяніст менскай футбольнай каманды «Іслач». Заўзець за любімых гульцоў ён стаў тры гады таму, а вядомасьць атрымаў, калі трапіў у кадры са стадыёнаў.
Сядзіць сабе на трыбуне, забаўляе фанатаў песьнямі: то «А я лягу-прылягу» засьпявае, то «Каманду молодости нашей». Эўрапейскай публіцы такая альтэрнатыва «крычалкі» спадабалася.
Баяніст Валера горда носіць званьне «герой сакавіка» паводле вэрсіі беларускага футбольнага парталу Tribuna. Яшчэ нядаўна ён быў проста заўзятарам з музычнымі навыкамі. Цяпер у Валеры — свой фан-клюб і нават спэцыяльная форма з імем на сьпіне. Ня форвард, не абаронца, але баяніст пад нумарам 12.
Шлях баяніста да славы ня быў цярністы. Валера напісаў бойкую песьню, сябры па фанацкай групе White Russians дапамаглі зьняць кліп. Відэа атрымалася вірусным. Або каранавірусным.
Цяпер Валера вучыцца працаваць на камэру. І ня браць аўтографы, а раздаваць. Вось яго дыялёг з прыяцелем Андрэем:
— Слухай, Андрэй, а што я напісаў пару дзён таму?
— «Нам ня страшны каранавірус, толькі „Іслач“, гэть!»
— Правільна, я склаў люты кліп ад беларусаў супраць каранвірусу!
У курыльні перад варотамі менскага стадыёну Валера хваліцца: «З панядзелка ў любы момант буду чакаць званка з BBC — больш за тое, яны ўжо тэлефанавалі».
У адказ зорка ютубу чуе ўхвальнае «у-у-у-у» і «прывыкай!». Прывыкаць, здаецца, атрымліваецца лёгка: у музыкі кантракт з букмэкерскай кампаніяй, на баяне — налепкі спонсараў, ды і сам Валера цяпер увесь у эмблемах таталізатару. А вялікая частка часу сыходзіць у яго на інтэрвію.
«У нас у Беларусі ня так шмат тых, хто захварэў на каранавірус. Можна гуляць», — кажа хлапчук, юны футбаліст. Ганяе зь сябрамі мяч. Стадыёны адчыненыя. Да іх на трэніроўку Валера прывёў і здымачную групу. Ходзіць па полі, нібы ён Крыштыяну Раналду, а хлопцы — яго пэрсанальны фан-клюб.
Статус зоркі — яшчэ і адказнасьць, лічыць баяніст Валера. Ён паказвае прыклад, і ня толькі дзецям. Перад чарговым матчам улюбёнай каманды каля ўваходу на трыбуны Валера ставіць плястыкавы стол. Яго верны напарнік Андрэй таксама побач — трымае ў руках таблічку «Дэзінфэкцыя рук». На стале — скрынка з мэдычнымі маскамі і плястыкавая бутэлька з антысэптыкам. «Для выгляду трэба зрабіць», — чуваць за кадрам. Попытам гэты пункт прафіляктыкі ў заўзятараў не карыстаецца.
У той час як увесь сьвет змагаецца з хваробай, Беларусь хварэе за футбол. У Менску нічога не баяцца. Журналістаў у масках мінакі гучна, не саромеючыся, называюць «героямі «Зорных войнаў». У кавярні на пытаньне аўтара праграмы: «А чаму ж вы без пальчатак?», — адказваюць: «А гэта і не абавязкова». У адказ чытаюць лекцыю пра тое, як менавіта трэба змагацца з каранавірусам.
Актывісты разносяць пажылым людзям прадукты, каб тыя не рызыкавалі і не выходзілі з хаты, і пішуць у Міністэрства аховы здароўя пэтыцыі з патрабаваньнем дзяліцца ўсёй інфармацыяй па каранавірусе. А на трыбунах стадыёну шчасьлівы і папулярны Валера ў асяродзьдзі заўзятараў, якім усё нічога, выводзіць на баяне знаёмыя ўсім мэлёдыі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ