Прыватны адукацыйны цэнтар для дзяцей «Робавіта» у Віцебску закрыты больш за тры тыдні. Праз эпідэміялягічную сытуацыю ў горадзе заняткі часова адмененыя. У вытворчай лябараторыі цэнтру дырэктар наладзіў выраб засьцерагальных шчыткоў для мэдыкаў.
«Мы ўзялі распрацаваны ў „Хакерспэйсе“ макет і вырабляем шчыткі на сваім абсталяваньні»
Цяпер Мікалай Ручэц прыяжджае на працу некалькі разоў на тыдзень. З большага — каб зрабіць чарговую партыю шчыткоў.
Уласны адукацыйны праект Мікалай запусьціў чатыры гады таму. У «Робавіце» займаецца 214 дзяцей ад 6 да 14 гадоў, якія цікавяцца інжынэрыяй і праграмаваньнем. Адметнасьць цэнтра — адзіны ў Віцебску «фаблаб» (Fab Lab), створаны па аналёгіі арганізаванай у 2000-я гады ў Масачусэцкім тэхналягічным інстытуце лічбавай лябараторыі.
Невялікая майстэрня дае магчымасьць усім ахвочым самастойна наладзіць выраб патрэбных рэчаў і дэталяў. Тут ёсьць 3D-прынтар, лазэрны разак, неабходныя для канструяваньня інструмэнты і ўласна канструктары.
«Цяпер у сьвеце некалькі тысяч такіх лябараторый. Яны маюць аднолькавы набор абсталяваньня. Калі ў Амэрыцы ў майстэрні прыдумалі нейкі выраб, ён выкладаецца ў адкрыты доступ. Мы ў Віцебску можам скарыстацца ўсімі дадзенымі і зрабіць яго ў сябе, — тлумачыць Мікалай. — Тое ж самае атрымалася і са шчыткамі. Менавіта гэтую мадэль распрацавалі ў менскім „Хакерспэйсе“. Мы ўзялі макет і вырабляем шчыткі на сваім абсталяваньні».
«Дактары кажуць, што шчыткі вельмі патрэбныя»
Мікалай уваходзіць у раду віцебскай Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў. Калі бізнэс-суполка абвясьціла збор сродкаў на дапамогу мэдыкам, ён таксама далучыўся да ініцыятывы.
«Віцебскія прадпрымальнікі шмат грошай пералічылі на спэцыяльны рахунак, адкрыты на базе дабрачыннага фонду „Жыцьцё“. Створаны агульны чат, наладжана сур’ёзная праца па закупцы неабходных мэдыкам сродкаў індывідуальнай абароны. Мы вырашылі дапамагаць не грашыма, а зыходзячы з магчымасьцяў нашай майстэрні, — кажа Мікалай. — Спачатку друкавалі дужкі для шчыткоў на 3D-прынтэры. Выраб адной дэталі займаў каля чатырох гадзін. У Віцебску да гэтай справы падключылася каля дзесяці чалавек, якія дома маюць 3D-прынтэры. Самі шчыткі дасылалі з Менску, а ўсе дэталі зьбіралі ў Віцебску. Вялікую колькасьць удалося зрабіць і разьвезьці па лякарнях».
Пасьля за ўласныя сродкі Мікалай набыў лісты ПЭТу — з гэтага матэрыялу звычайна робяць бутэлькі для напояў. І пачаў рабіць шчыткі.
Лісты рэжуцца пад поле лазэрнага разака — у майстэрні ён мае памеры 40×60.
За адзін раз магчыма выразаць два шчыткі. Гэта займае прыкладна 20 хвілін.
Пасьля ідзе працэс зборкі. З матэрыялу трэба прыбраць ахоўную плёнку і злучыць паміж сабой выразаныя элемэнты.
«Дактары кажуць, што шчыткі вельмі патрэбныя, — кажа Мікалай. — Гэта добрая абарона сьлізістай абалонкі, бар’ер падчас камунікацыі з вялікай колькасьцю пацыентаў. Яна не дае магчымасьці часта дакранацца да твару, пад яе можна дадаткова павязку апрануць. Яна дастаткова шчыльна трымаецца і не замінае працы. Больш за тое, шчыткі можна выкарыстоўваць неаднаразова».
Ва ўмовах майстэрні ўдаецца рабіць невялікія партыі шчыткоў. Кожная — па 10-12 адзінак.
«Першая партыя паехала ў першую гарадзкую лякарню, — адзначае суразмоўца. — Цяпер развозім шчыткі лекарам па рэнтген-кабінэтах. Пакуль аб’ёмы невялікія, развозім у лякарні самі».
«Лазэр у нас ёсьць. Мы гатовыя дапамагаць»
Па словах Мікалая, набытага матэрыялу мусіць хапіць на 60 шчыткоў.
«Будуць замовы, будзем яшчэ шукаць матэрыял, — кажа ён. — Лазэр у нас ёсьць. Мы гатовыя дапамагаць. Бо дапамога патрэбная зараз. Эпідэмія адкрыла заслону будучыні, за якой — новыя прынцыпы вытворчасьці. Каб на заводзе засвоіць выраб такіх шчыткоў, патрэбны час. А тут фактычна кожны чалавек, які мае станок, можа пачаць працу адразу. Мы і дзяцей вучым і паказваем на практыцы, што ад ідэі да моманту рэалізацыі фізычнай мадэлі праходзяць лічаныя гадзіны, а часам — хвіліны».
Мікалай адзначае, што ў Віцебску вялікая колькасьць валянтэраў, якія ахвяруюць свае грошы і час на выраб сродкаў індывідуальнай абароны для мэдыкаў.
«Уладальнік майстэрні 3D-друку Стас Барынаў каардынуе працу па Віцебскай вобласьці. Праз яго ідзе вялікая колькасьць замоў на шчыткі. Цяпер буйная партыя рыхтуецца ў Полацку — туды адвезьлі каля 50 лістоў ПЭТу», — кажа Мікалай.
Таксама дробнасэрыйны выраб засьцерагальных шчыткоў наладзіла віцебскае канструктарскае бюро «Дысплэй».
«Віцебск з большага забясьпечаны. Пачалі зьяўляцца раённыя лякарні, куды паступаюць хворыя. Тамтэйшыя лекары зараз заклапочаныя тымі ж праблемамі, якія ўзьніклі ў Віцебску два тыдні таму», — адзначае суразмоўца.
Сумеснымі намаганьнямі варта дапамагаць, каб перажыць пандэмію і вярнуцца да звыклага жыцьця. Як і большасьць індывідуальных прадпрымальнікаў, у гэтыя месяцы Мікалай Ручэц сутыкаецца з цяжкасьцямі.
«Захаваць калектыў — цяпер асноўная нашая мэта. Прыйдзе верасень, і дзеці вярнуцца да заняткаў», — кажа ён. У штаце адукацыйнага цэнтру сямёра выкладчыкаў. Для большасьці выкладаньне ў «Робавіце» — асноўная праца. Цяпер яны па магчымасьці працуюць онлайн і дапамагаюць у майстэрні — са шчыткамі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ