Напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасьці працоўных выканкам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) заявіў пра «палітычную пандэмію», у якой улады намагаюцца трымаць грамадзтва.
«Упершыню за многія дзясяткі гадоў у сувязі з пандэміяй каранавірусу людзі працы па ўсім сьвеце ня выйдуць на вуліцы і плошчы, каб адзначыць сваё сьвята. Ня змогуць гэта зрабіць і сябры незалежных прафсаюзаў Беларусі. Але ня толькі ў сувязі з пандэміяй віруснай, але і пандэміяй палітычнай. Аўтарытарны рэжым даўно загнаў сваіх апанэнтаў у рэжым ізаляцыі», — гаворыцца ў заяве выканкаму БКДП.
Незалежныя прафсаюзы з трывогай адзначаюць нарастаньне эканамічных праблемаў, выкліканых эпідэміяй, і патрабуюць ад уладаў прыняцьця праграмы неадкладных дзеяньняў дзеля захаваньня працоўных месцаў, падтрымкі працоўных і беспрацоўных.
«Неабходна ў самыя кароткія тэрміны ўнесьці зьмены ў сыстэму сацыяльнай абароны, пераключыць яе на падтрымку тых, хто застаецца без крыніц існаваньня. Наша патрабаваньне — падвышэньне дапамогі ў беспрацоўі да велічыні мінімальнага спажывецкага бюджэту, 480 рублёў. Неадкладна зрабіць захады для падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу, унесьці зьмены ў нарматыўныя акты, законы, указы і дэкрэты, якія маюць на мэце забесьпячэньне мабільнасьці рынку працы».
Таксама БКДП настойвае на адмове ад практыкі заключэньня тэрміновых працоўных кантрактаў, вяртаньні да бестэрміновай формы найму, а таксама адмене дэкрэту аб так званых «дармаедах».
«Наш першатравеньскі заклік да працоўных краіны — аб’яднаць намаганьні для абароны сваіх правоў, якія ў сувязі з крызісам яшчэ больш цярпяць; патрабаваць ад уладаў вырашэньня ўсіх сваіх надзённых патрэбаў і праблемаў. Аб’яднаўшыся і праяўляючы салідарнасць, мы ня толькі зможам перажыць цяжкія часы, але і зьмяніць сваё жыцьцё да лепшага. Разам мы пераможам!» — падсумоўваюць незалежныя прафсаюзы.
Таксама актывісты папярэджваюць пра недапушчальнасьць ва ўмовах распаўсюду каранавірусу масавых збораў на Першамай, якія плянуе кіраўніцтва Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ