Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеньне ВУП на 6% — вяртаньне ў 90-я


Рост ці падзеньне ВУП у Беларусі ў % у 1991-2018, Сусьветны банк
Рост ці падзеньне ВУП у Беларусі ў % у 1991-2018, Сусьветны банк

Паводле Белстату, за першы квартал 2020 году падзеньне валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у Беларусі склала 0,3% у параўнаньні зь мінулым годам. МВФ прагназуе на працягу году падзеньне ВУП у Беларусі на 6%.

Што гэта азначае ў практычным пляне, як адаб’ецца на дабрабыце насельніцтва?

Фармальнае вызначэньне ВУП — рынкавы кошт усіх канчатковых тавараў і паслуг, вырабленых за год ва ўсіх галінах эканомікі на тэрыторыі дзяржавы для спажываньня, экспарту і назапашваньня.

Іншымі словамі, усё, што вырабіла эканоміка, што наўпрост спажываецца, прадаецца за мяжу ці адкладаецца ў запас.

Ня будзем паглыбляцца ў тлумачэньні наконт складаных сувязяў дынамікі гэтага паказьніка з тым, як мяняюцца, скажам, даходы насельніцтва.

Але прыгадаем, калі падчас найноўшай гісторыі Беларусі падзеньне ВУП было прыкладна такім, якое прагназуе МВФ на гэты год.

Адказ на гэтае пытаньне даюць дадзеныя Сусьветнага банку.

Зь іх відаць, што нават вострыя эканамічныя крызісы не заўсёды прыводзілі да падзеньня ВУП. Скажам, абвал 1998 году, выкліканы расейскім дэфолтам, суправаджаўся ростам ВУП на 3,4%. Удар крызісу 2008 году, які выклікаў дэвальвацыю пасьля навагодніх сьвятаў 2009 году, увасобіўся ў практычна нулявы, але ўсё ж станоўчы рост ВУП на 0,2%. Катастрафічная дэвальвацыя 2011 году суправаджалася, тым ня менш, ростам ВУП на 5,3%.

Іншымі словамі, нават вельмі востры эканамічны крызіс, які бʼе па кішэні насельніцтва, не абавязкова адбіваецца ў падзеньні ВУП.

А калі ж ён усё ж падаў у найноўшай беларускай гісторыі? Былі два такія пэрыяды.

Адзін — блізкі, 2015 і 2016 гады, пасьля падзеньня курсу спачатку расейскага рубля, а потым і беларускага напрыканцы 2014 году. У 2015 годзе ВУП Беларусі зьнізіўся на 3,8%, у 2016 годзе — на 2,5%.

У 2017 годзе гэтае двухгадовае падзеньне ВУП выбухнула «антыдармаедзкімі» пратэстамі, калі дэкрэт аб «дармаедах» быў насамрэч нагодай, а не прычынай.

Хаця падзеньне ВУП тады, у 2015–2016 гадах, было, як бачым, удвая меншае, чым прагназуе МВФ на гэты год.

А цяпер — да лічбаў іншага пэрыяду. Вось як мяняўся ВУП на пачатку 1990-х: 1992 — мінус 9,6%, 1993 — падзеньне на 7,6%, 1994 — падзеньне на 11,7%, 1995 — зьніжэньне на 10,4%.

Падзеньне ВУП на 6% — гэта прыкладна вось такое.

Калі казаць пра сацыяльна-эканамічныя наступствы — хто тады жыў, дык не забудзе. «Час second hand» Сьвятланы Алексіевіч даволі трапна перадае тагачасную атмасфэру ня толькі экзыстэнцыйнага шоку, але і рэальнай масавай галечы значнай часткі насельніцтва.

А шматгадовае палоханьне народу што з боку Лукашэнкі, што Пуціна вяртаньнем «лихих девяностых» — гэта ня толькі дэмагогія, гэта і апэляцыя да рэальнай гістарычнай памяці вельмі многіх людзей, якія прыгадваюць тыя гады з жахам.

Што тычыцца палітычных наступстваў эканамічнага спаду ў Беларусі на пачатку 1990-х, дык бліжэй да канца гэтай чорнай паласы (у 1996 годзе ўжо пачаўся рост ВУП), у 1994 годзе, вынікам крызісу стаў прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

Напэўна, такая «электаральная рэвалюцыя» была б немагчымая ні раней, ні пазьней. А на фоне няспыннага, на працягу двух з паловай гадоў, падзеньня ВУП прыкладна на 10% штогод гэта стала магчымым.

Цяпер, праўда, будзе пэўнае адрозьненьне ад пачатку 90-х, цяпер спад прагназуецца ва ўсім сьвеце. Псыхалягічна гэта можа крыху скампэнсаваць шок ад зьбядненьня: мы зьбяднелі — дык і ўся плянэта зьбяднела, мы як усе. Каго папракаць — вірус пракляты?

Але цяперашнія прагнозы прадказваюць нераўнамерны спад у краінах сьвету. Скажам, у Расеі МВФ прадказвае спад крыху меншы, чым у Беларусі — на 5,6%, у ЗША — амаль такі ж, як у Беларусі — на 5,9%, у Нямеччыне — на 7%, ва Ўкраіне — ажно на 7,7%.

Калі ў Нямеччыне спад будзе нават большы, чым у Беларусі, некага ў Беларусі гэта, магчыма, і ўтрымае ад таго, каб вінаваціць, скажам, уладу. Высьветліцца, што і багатай Нямеччыне зь яе дэмакратычнай і кампэтэнтнай уладай прайсьці гэтую «даліну сьлёз» без эканамічных стратаў ня надта ўдалося.

Але наўрад ці гэтыя параўнаньні будуць вырашальным фактарам. На пачатку 90-х у Расеі падзеньне ВУП было яшчэ больш драматычнае, чым у Беларусі: у 1992 — на 14,5%, у 1993 — на 8,6%, у 1994 — на 12,5%.

Але той факт, што ў Беларусі эканоміка ўпала ў меншай ступені, чым у Расеі, не перашкодзіў прыходу да ўлады Лукашэнкі — «мсьціўцу ўсёй эліце» ад Кебіча да Пазьняка, на якую народная думка ўскладала адказнасьць за эканамічны спад 1992–1994 гадоў.

І калі тая сытуацыя паўторыцца, то ня выключана, што цяперашняму Лукашэнку будзе наканаваны лёс Кебіча.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG