Недзяржаўны Цэнтар эканамічных дасьледаваньняў BEROC пры ўдзеле Бізнэс-школы і дасьледчага цэнтру ІПМ, дасьледчай кампаніі SATIO, а таксама пры падтрымцы Швэдзкага агенцтва супрацы ў міжнародным разьвіцьці Sida запусьціў сайт «Кавіданоміка Беларусі».
На сайце абяцаюць зьбіраць інфармацыю пра ўплыў пандэміі каранавірусу на эканоміку Беларусі і рабіць зьвесткі даступнымі для «ўсіх, каму даводзіцца прымаць эканамічныя рашэньні ва ўмовах высокай нявызначанасьці».
Аўтары сайту сьцьвярджаюць, што афіцыйнай статыстыкі ў Беларусі бракуе, каб «забясьпечыць патрэбную хуткасьць прадстаўленьня інфармацыі людзям, якія прымаюць рашэньні», таму абяцаюць дапаўняць афіцыйныя зьвесткі тымі, што зьбіраюць і апрацоўваюць самастойна і з калегамі.
Ладзіць абяцаюць:
- апытаньні насельніцтва пра даходы і занятасьць раз на два тыдні;
- апытаньні бізнэсу пра эканамічны стан, пэрспэктывы і стасункі з банкамі;
- маніторынг прадуктовых цэнаў у інтэрнэт-крамах раз на тыдзень;
- аналітыку пра распаўсюд каранавірусу ў Беларусі і сьвеце штодзень;
- маніторынг паказьнікаў мабільнасьці, самаізаляцыі і транспартнай актыўнасьці раз на тыдзень;
- маніторынг публікацыяў у СМІ пра праблемы ў час пандэміі, дабрачыннасьць і новыя магчымасьці для бізнэсу раз на тыдзень;
- «таймлайн» эканамічных захадаў ураду.
Пакуль на сайце апублікаваны маніторынг цэнаў прадуктовага кошыку, параўнаньне зьветсак Google пра мабільнасьць у розных краінах, шэраг навінаў і іншай статыстыкі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.