Савет міністраў Беларусі 17 красавіка датэрмінова спыніў дзеяньне пастановы ад 30 сакавіка № 184 «Аб часовых мерах па стабілізацыі сытуацыі на спажывецкім рынку».
Прычына: «стабілізацыя цэнавай сытуацыі».
Згодна з пастановай № 184 асобным міністэрствам і ведамствам даручалася не дапускаць росту адпускных цэн (тарыфаў) на тавары і паслугі, што выпускаюцца (аказваюцца) падпарадкаванымі арганізацыямі, вышэй як на 0,5% штомесяц. Акрамя таго, прадпісвалася не дапускаць павышэньня цэн (тарыфаў) вышэй як на 0,5% штомесяц юрыдычным асобам усіх формаў уласнасьці і індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыцьцяўляюць вытворчасьць (увоз) і (або) рэалізацыю тавараў на ўнутраны рынак або аказваюць паслугі. Павышэньне цэн (тарыфаў) вышэй за ўстаноўленую мяжу дапускалася толькі паводле ўзгадненьня з камісіяй па пытаньнях дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаўтварэньня пры ўрадзе.
Пастанова павінна была дзейнічаць да 30 чэрвеня, аднак дзелавая супольнасьць выступіла катэгарычна супраць паўсюднага кантролю за цэнамі. Аналягічную пазыцыю заняла і Рада па разьвіцьці прадпрымальніцтва — кансультатыўны орган пры прэзыдэнце. На думку Рады, з улікам высокага імпартнага складніка ў структуры выдаткаў айчынных прадпрыемстваў паўсюдны кантроль цэн «справакуе адмову ад выпуску асобных відаў тавараў у сувязі з эканамічнай немэтазгоднасьцю іх вытворчасьці». Пасьля рэзкага падзеньня цэн на нафту ў першай дэкадзе сакавіка беларускі рубель значна аслабеў да даляра, у выніку імпарт пачаў даражэць, што паставіла пад пагрозу выкананьне гадавога пляну па інфляцыі (ня больш за 5%).
Апошнім часам сытуацыя на валютным рынку крыху стабілізавалася, курс даляра зьнізіўся.
Цяпер на працягу 90 дзён будуць рэгуляваць цэны на 26 сацыяльна значных тавараў. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю ад 15 красавіка № 30.
Цэны будуць рэгуляваць на наступныя тавары:
- сьвежая рыба (сямейства карпавых),
- сьметанковае масла,
- пшанічная мука,
- сланечнікавы і рапсавы алей,
- кухонная соль,
- мяса (ялавічына, сьвініна, мяса курэй і куранят-бройлераў),
- адрубы і буйнакавалкавыя паўфабрыкаты,
- вараныя каўбасныя вырабы (каўбасы вараныя, сасіскі, сардэлькі),
- яйкі курыныя сьвежыя,
- мясныя і рыбныя кансэрвы,
- сухое малако,
- пастэрызаванае каровіна малако,
- кефір з каровінага малака,
- сьмятана,
- тварог,
- пітная вада ў бутэльках,
- цьвёрдае туалетнае і гаспадарчае мыла,
- запалкі,
- жаночыя гігіенічныя пракладкі,
- падгузьнікі,
- туалетная папера.