Мяркую, са статыстычнымі вынікамі наступстваў пандэміі ў Беларусі можа быць тое самае, што і з вынікамі выбараў. Адны людзі гэтым лічбам вераць, другія ня вераць. Трэція будуць чухаць патыліцу і казаць: а хто яго ведае.
Сьцісла:
- У рэакцыі Лукашэнкі на пагрозу пандэміі важны чыньнік — гульня на супярэчнасьцях з Расеяй.
- Парад і суботнік, працяг навучальнага году — гэта дэманстрацыя, выклік усім. Пасьля вядомых гучных заяваў пра пандэмію як псыхоз Лукашэнка ня можа павярнуць назад.
- Лукашэнка катэгарычна заявіў, што ў краіне не памёр і ні памрэ ад каранавірусу ніводзін чалавек. Гэта можна разглядаць як даручэньне Міністэрству аховы здароўя даваць адпаведную статыстыку.
- Нават калі большасьць ня верыць афіцыйнай інфармацыі пра маштаб пандэміі ў Беларусі, то пакуль гэта не трансфармуецца ў вялікія палітычныя рызыкі для Лукашэнкі.
У Расеі адмянілі (дакладней, перанесьлі) парад «па просьбе вэтэранаў». Мяркуючы па ўсім, беларускія вэтэраны, наадварот, прагнуць параду, таму тут ён адбудзецца пры любой эпідэміялягічнай сытуацыі. Так нечакана аказалася, што вэтэраны (самаму маладому зь якіх 94 гады) сталі магутнай палітычнай сілай.
Хутчэй за ўсё, Беларусь будзе адзінай краінай у сьвеце, дзе ў гонар юбілею Перамогі адбудзецца вайсковы парад. Лукашэнка апынецца ў цэнтры сусьветнай увагі. Тут важны чыньнік — гульня на проціходзе з Расеяй. Такім чынам кіраўнік Беларусі ўтрэ нос Пуціну, які спасаваў, спужаўся нейкага каранавірусу (а насамрэч, псыхозу). Гэта будзе такая псыхалягічная перамога над «заклятым сябрам», зь якім ужо два дзясяткі гадоў ідзе дужаньне. Магчыма, ёсьць разьлік на падтрымку і крыкі «Браво» з боку фанатычных прыхільнікаў «русского мира» ў Расеі.
У той жа дзень, 16 красавіка, калі ў Расеі адмянілі парад, у Беларусі абвясьцілі аб правядзеньні ўсенароднага суботніка 25 красавіка. Мусіць, таксама «па просьбе працоўных». Ва ўсялякім разе працоўныя ў абліччы Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі яго падтрымалі.
Нагадаю, што 4 красавіка галоўны санітарны ўрач краіны Натальля Жукава накіравала ў дзяржаўныя органы ліст «Аб правядзеньні мерапрыемстваў па прафіляктыцы COVID-19». У ім ёсьць рэкамэндацыя па магчымасьці перайсьці на дыстанцыйны спосаб працы. Як суадносіцца суботнік з гэтай рэкамэндацыяй — пытаньне рытарычнае.
А ў пятніцу 17 красавіка Лукашэнка, знаходзячыся ў Лідзкім раёне, запатрабаваў пасьля Вялікадня, то бок з наступнага тыдня, аднавіць заняткі ў школах.
Парад і суботнік, працяг навучальнага году — гэта дэманстрацыя, выклік усім. Пасьля вядомых гучных заяваў пра пандэмію як псыхоз Лукашэнка ня можа павярнуць назад. Цяпер ён будзе вымушаны даказваць, што мае рацыю.
Усе экспэрты, якія камэнтавалі выказваньні і дзеяньні Лукашэнкі адносна пандэміі, падкрэсьлівалі, што ён моцна рызыкуе. Безумоўна, рызыка ёсьць, але наколькі яна вялікая?
Як вядома, кіраўнік Беларусі 13 красавіка катэгарычна заявіў: «У нас у краіне не памёр ніводзін чалавек ад каранавірусу. Ніводзін! Яны памерлі ад букету хранічных хвароб, якія ў іх былі... Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ. Я публічна пра гэта заяўляю. Гэта маё цьвёрдае перакананьне, зыходзячы з аналізу ня толькі мінулых гадоў».
Гэтая заява — ня проста дэклярацыя, а жорсткае даручэньне Міністэрству аховы здароўя. Прычым зробленае публічна. І цяпер Мінздароўя будзе проста вымушанае падганяць статыстыку пад гэтую выснову Лукашэнкі.
У незалежных мэдыя ўжо прыводзілася шмат прыкладаў, як мэдычныя ўстановы ставяць памерлым ад пнэўманіі дыягназ, не зьвязаны з каранавірусам. У сацыяльных сетках зьвярнулі ўвагу, што, паводле паведамленьняў Мінздароўя, колькасьць памерлых дзіўным чынам вагаецца каля лічбы 1% ад ліку інфікаваных.
Некаторыя экспэрты пішуць, што вялікую колькасьць памерлых будзе немагчыма схаваць. Ну, гэта як паглядзець.
Падчас мінулагодняй парлямэнцкай выбарчай кампаніі адзін замежны назіральнік зь вялікім досьведам назіраньня за выбарамі ў шмат якіх краінах запэўніваў мяне, што фальсыфікаваць больш за 15–20% галасоў немагчыма ў прынцыпе. Але беларускі досьвед унікальны, ён аспрэчвае шмат якія пастуляты, якія здаваліся абсалютнай ісьцінай.
Думаю, са статыстычнымі лічбамі наступстваў пандэміі можа быць тое самае, што і з вынікамі выбараў. Адны людзі вераць, другія ня вераць. Трэція будуць чухаць патыліцу і казаць: а хто яго ведае.
І нават калі няверуючых будзе большасьць, то наколькі вялікая для Лукашэнкі палітычная рызыка з гэтага выцякае? І ў вынікі беларускіх выбараў, здаецца, бальшыня людзей ня верыць. І што? Пакуль ніякіх публічных пратэстаў з боку сыстэмных структур мы ня чулі. Толькі бурленьне ў сацыяльных сетках. Ніводзін працоўны калектыў ці ўстанова (напрыклад мэдычная) не запатрабавалі ўвядзеньня карантыну. Онлайн-пэтыцыі — гэта іншае, гэта працяг сацыяльных сетак. Таму могуць збыцца ўсе змрочныя сюжэты зь вядомых анэкдотаў пра беларусаў. (Напрыклад, як беларус у адказ на тое, што яго будуць вешаць, спытаў, ці трэба прыходзіць са сваёй вяроўкай).
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.