Заявай, што ў Беларусі ад каранавірусу ніхто не памёр, Аляксандар Лукашэнка паставіў сябе ў супярэчлівае становішча. Бо калі ён гэта казаў, паводле афіцыйных дадзеных міністэрства здароўя тых, хто памёр, было 29, на момант, калі я пішу гэтыя радкі — 33. Але мы ведаем выпадкі, калі дыягназ ставілі «пнэўманія» — а хавалі ў зачыненых трунах.
Абяцаньнем жа, што ў Беларусі ад каранавірусу ніхто не памрэ, Лукашэнка паставіў кіраўнікоў Міністэрства аховы здароўя, а ўсьлед за імі і мэдыкаў у клініках — перад вельмі складаным для іх выбарам.
Цяпер кожная сьмерць з дыягназам «каранавірус» будзе азначаць невыкананьне абяцаньня прэзыдэнта. Фактычна, невыкананьне загаду.
Мне даводзілася гутарыць з Мікалаем Саўчанкам, які ў момант выбуху на Чарнобылі быў міністрам аховы здароўя БССР. Яго абвінавачвалі ў тым, што ведамства не зрабіла належных, нават элемэнтарных крокаў для выратаваньня людзей.
У 1986 Саўчанка быў ужо 20 гадоў прафэсарам і 15 — акадэмікам. Ён меў сотні навуковых працаў, быў бясспрэчным аўтарытэтам у мэдычных колах і як практык. Што такое радыяцыя і як яна ўплывае на арганізм — ён добра ўсьведамляў.
Але як член КПСС, добра ўсьведамляў ён і тое, што такое невыкананьне загаду першага сакратара ЦК. А Сьлюнькоў загадаў — «не панікаваць». Бо пытаньне Чарнобылю ўспрымалася як пытаньне палітычнае.
І гнеў партыйнага кіраўніка здаваўся страшнейшым за радыяцыю.
Цяпер, перад тым, што будзе звацца прэзыдэнцкімі выбарамі, пытаньне пандэміі таксама набыло бясспрэчна палітычнае гучаньне — і невыкананьне абяцаньня Лукашэнкі азначае падрыў ягонага аўтарытэту.
Ну а што здаралася з тымі кіраўнікамі, хто падрывае аўтарытэт, ці нават выступіў супраць пазыцыі Лукашэнкі ў нейкіх асобных пытаньнях, паказвае нам найноўшая гісторыя. Былы прэм’ер-міністар Чыгір правёў пэўны час за кратамі, на міністра сельскай гаспадаркі Лявонава начапілі кайданкі ў рабочым кабінэце пад тэлекамэрамі.
Выглядае, з узростам Аляксандар Рыгоравіч выбірае нешта больш мяккае з арсэналу пакараньняў, але тое што адстаўкай не абыдзецца — бясспрэчна.
Ад COVID-19 можна ўратавацца. А ад гневу Лукашэнкі...
І вось зараз кожнае ўзгадваньне каранавірусу ў дыягназе ці, барані Божа, у пасьведчаньні аб сьмерці запатрабуе ад мэдыкаў ня меншай мужнасьці, чым тая, якую яны выяўляюць, працуючы часта ў неспрыяльных умовах, без належных сродкаў бясьпекі.
І калі 11 красавіка міністар Каранік казаў, што ў Віцебску каля тысячы выпадкаў пнэўманіі — то ўжо 13-га Лукашэнка заявіў, што колькасьць зьнізілася ў 2,5 разы. Тое ж самае, сказаў Лукашэнка, і ў Менску.
Як сьцьвярджаў Іосіф Вісарыёнавіч — важна ня хто і як галасуе, а хто і як падлічвае.
А падлічваць у Беларусі за 26 гадоў навучыліся.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.