Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра каранавірус: з наступнага тыдня трэба пачынаць вучыцца ў школах

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 17 красавіка наведвае Лідзкі раён. Падчас паездкі ён расказаў кіраўніку Горадзенскага аблвыканкаму, што ў сытуацыі з каранавірусам «замігцеў праменьчык надзеі».

«Трэба паступова пачынаць вучыцца»

Лукашэнка таксама заявіў пра навучаньне ў школах, дзе працягваюцца вакацыі:

«Трэба акуратна глядзець за людзьмі і з нагоды адукацыі, школаў і іншага, трэба пачынаць вучыцца, — перадае БелТА заяву Лукашэнкі. — Але павольна, спакойна. У вёсцы няма праблемаў, ну і трэба ж разумець, што мы дзетак кормім, і ўсе на пасяўной, куды падзець дзяцей? І праблем там няма. ВРВІ ўжо скончыліся».

Паводле Лукашэнкі, дзе могуць займацца ў школах, «хай займаюцца».

«Калі ў горадзе недзе, то тыдзень павінен пайсьці на павольнае ўцягваньне дзяцей да канца тыдня пасьля Вялікадня ў адукацыйны працэс. Трэба паступова пачынаць вучыцца. Трэба раскручваць гэты працэс».

У беларускіх установах адукацыі не абвяшчалі карантыну ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Але двойчы працягвалі школьныя вакацыі: тыя пачаліся 30 сакавіка і плянаваліся да 4 красавіка, але былі працягнутыя спачатку да 11-га, затым да 18-га ўключна. Цяпер школьнікі маюць выйсьці на заняткі ў панядзелак, 20 красавіка.

Паводле Адміністрацыі прэзыдэнта, чацьвёртая чвэрць у школах будзе трываць ад 20 красавіка да 30 траўня, а Мінздароўя мусіць скарэктаваць пад гэта навучальныя праграмы.

«Праменьчык надзеі»

«Самае галоўнае — мы пакуль спраўляемся, — перадае БелТА заяву Лукашэнкі. — Сёньня маленькі праменьчык надзеі замігцеў. Асабліва ў Менску. У нас ужо больш вызвалілася ложкаў, чым мы шпіталізавалі людзей. Самае галоўнае — не дапусьцілі ўсплёску».

Паводле Лукашэнкі, Горадзенская вобласьць «па заразе лепш за іншыя вобласьці выглядае», але «расслабляцца ні ў якім разе нельга», бо «гэты COVID-19 ператварыўся ў палітыку».

Міністэрства аховы здароўя ад пачатку не паведамляла сытуацыю з распаўсюдам COVID-19 па раёнах Беларусі, ад 14 красавіка перастала паведамляць і распаўсюд па абласьцях і колькасьць шпіталізаваных пацыентаў (хворых у лёгкай форме выпраўляюць дамоў).

На 14 красавіка ў Менску зафіксавалі 1691 выпадак, у Менскай вобласьці 359, у Віцебскай 848, у Горадзенскай — найменш па краіне, 53 выпадкі. Пра першы выпадак у Лідзе стала вядома 13 красавіка.

Цяпер вядома толькі, што ў Беларусі зафіксавалі на 16 красавіка 4204 выпадкі каранавірусу, прызналі 40 сьмерцяў ад яго.

«За мяжой ня ведаюць, як мы наогул жывём тут і як змагаемся»

Лукашэнка заўважыў, што «часам, у тым ліку за мяжой» выказваюцца нараканьні, што ў Беларусі не змагаюцца з каранавірусам «так, як усе».

«У той жа час ня ведаючы пра тое, як мы ўвогуле жывём тут і як змагаемся, асабліва нашыя родныя браты на ўсходзе ўжо так заклапочаныя, — казаў Лукашэнка. — Таму ні ў якім разе расслабляцца ня трэба. Ня тое што сяброў, а нават тых, хто спачувае, у нас у сьвеце вельмі мала.

Ня тым шляхам пайшлі, ці бачыце. Каб ісьці шляхам Беларусі, трэба мець сыстэму. А сыстэму, нават у постсавецкіх рэспубліках, акрамя нас, разбурылі спрэс. Інфэкцыйныя лякарні зьнішчылі, спэцыялісты разьехаліся, мікрабіёлягаў, вірусолягаў, эпідэміёлягаў ніхто не рыхтаваў. Зараз пажынаюць плады. І ў нас камяні кідаюць».

Паводле Лукашэнкі, беларускі шлях барацьбы з каранавірусам — «гэта вельмі цяжкая і затратная праца», «не ізалюючы людзей, не выпісваючы пропускі, як Маскву спынілі наогул цалкам — мы гэтым шляхам не пайшлі».

«Што дзіўна, як я пажартаваў, што трактар вылекуе, — дзякуй Богу, у вёсцы ў нас усё жывыя-здаровыя», — дадаў Лукашэнка.

Колькасьць хворых асобна ў гарадзкой і сельскай мясцовасьці ў Беларусі не паведамлялася.

«Глядзіце эканоміку, каб у нас не павалілася вытворчасьць, — параіў Лукашэнка. — Пнэўманія сыдзе, а хлебушак-та патрэбны. Я нават не турбуюся за вёску. Мы спрацуем. А прамысловасьць... Бо вакол усё спынілася».

***

Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

Лукашэнка заяўляў пра «пік эпідэміі» ў краіне 31 сакавіка, калі ў краіне пацьвердзілі 152 выпадкі COVID-19 і адну сьмерць (пасьля высьветлілася, інфікаваныя паміралі і раней). Пасьля той заявы колькасьць інфікаваных у Беларусі вырасла ў 27 разоў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG