Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка распачаў рызыкоўны экспэрымэнт: прапанаваў грамадзтву выбар між рэальнасьцю ды ілюзіяй


Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт, сьнежань 2019 году
Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт, сьнежань 2019 году

Вынікі «сацыяльнага экспэрымэнту» непрадказальныя ня толькі для грамадзтва, але і для ўлады.

Сьцісла:

  • Лукашэнка, сутыкнуўшыся з пагрозамі, якія нясе пандэмія, ухіліўся ад прыняцьця канцэптуальных рашэньняў.
  • Вялікі сацыяльны экспэрымэнт — так можна назваць сытуацыю, створаную Лукашэнкам вакол COVID-19.
  • Сутнасьць экспэрымэнту падобная да выбару пігулак у фільме «Матрыца» — выбар між рэальнасьцю ды ілюзіяй;
  • «Сацыяльны экспэрымэнт» толькі ўзмацняе настроі ў грамадзтве, якія былі перад пандэміяй: адны самаарганізуюцца, іншыя аддаюць права думаць дзяржаве.

У мяне за акном дзіцячы садок. Я ўжо другі тыдзень назіраю, як дзяцей там з кожным днём усё меншае. Цяпер, калі вызначаць на вока, засталося каля 7–8%. А пачалося ўсё са школы, дзе бацькі яшчэ ў канцы сакавіка сказалі «не», і ўлады мусілі дэ-факта прызнаць стан рэчаў і аформіць яго дэ-юрэ: дзеці ў школу не ідуць. Далей ужо пачаліся выступы асобных мэдыкаў, якія кантраставалі з заявамі Міністэрства аховы здароўя. Тады дэ-факта пачалі рабіць абмежавальныя захады ў шпіталях і паліклініках.

На сёньня карціна ў Беларусі выглядае так: на прыпынках грамадзкага транспарту разьвешаныя інструкцыі пра тое, як сябе паводзіць падчас пандэміі, а ў тэлевізары апавядаюць, што нічога небясьпечнага не адбываецца. Вось табе два бакі адной тэмы — выбірай. Як у «Матрыцы»: чырвоная пігулка — рэальнасьць, сіняя — ілюзія.

Лукашэнка самаўхіліўся ад прыняцьця хоць якіх прынцыповых рашэньняў. «Нічога не забараняем, але сказалі, што жыцьцё ў вашых руках... Чалавек сваім жыцьцём распараджаецца сам», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Думаць і вырашаць самастойна — гэта вельмі нечаканая прапанова для той часткі грамадзянаў, якіх Лукашэнка чвэрць стагодзьдзя гадаваў у патэрналісцкіх абцугах. Маўляў, я за вас думаю, я вас абараняю, а вы падтрымлівайце мяне, дэманструйце адданасьць рытуальнымі паходамі на выбары.

Цяпер Лукашэнка ідзе па тонкім палітычным лёдзе. Калі Беларусь лёгка выйдзе з пандэміі — Лукашэнка прыпіша сабе перамогу. Можа, нават назаве яе Вялікай. А калі Беларусь сур’ёзна пацярпіць ад COVID-19, заўжды зможа сказаць, што даваў выбар дзеяньняў і «вы самі вінаватыя».

Гэтая нерашучасьць — прынцыпова новая сытуацыя. Вірус — не палітычны праціўнік, яго нельга запужаць, падмануць ці падкупіць. За «цывілізаваным сьветам» ісьці ўжо няма як, бо амаль усе масты спаленыя, а на новыя патрэбна шмат часу. З Расеяй жыцьцё небясьпечнае — могуць адабраць уладу калі не наўпрост, дык праз эканоміку. Застаецца толькі гуляць у рулетку, дзе можна ставіць на чорнае ці чырвонае: шанцы 50 на 50.

Сам таго спэцыяльна не жадаючы, Лукашэнка паспрыяў вялікаму сацыяльнаму экспэрымэнту: грамадзяне самастойна выбіраюць тып паводзінаў падчас вялікай небясьпекі. Унікальнасьць сытуацыі яшчэ і ў тым, што Лукашэнка — сам частка ўласнага сацыяльнага экспэрымэнту. У выпадку вялікай бяды Лукашэнка, хутчэй за ўсё, страціць падтрымку сваіх апошніх адданых прыхільнікаў.

Як бы ні скончылася гэтая драматычная гісторыя з COVID-19, адзін з вынікаў для мяне відавочны ўжо цяпер: людзі з грамадзянскай пазыцыяй, са здольнасьцю да самаарганізацыі выйдуць з выпрабаваньня яшчэ мацнейшымі. А людзі, якія прызвычаіліся дэлегаваць іншым сваё права думаць, застануцца яшчэ больш залежнымі ад рашэньняў уладаў. Асабіста ў мяне ёсьць спадзеў, што пасьля пандэміі тых, якія думаюць самастойна, стане болей. Проста таму, што пагроза для жыцьця і здароўя варушыць нават самых абыякавых.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG