Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«УКантакце» запусьціла ўласны мэсэнджэр. Пакуль толькі для Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейская сацыяльная сетка «ЎКантакце», што належыць Mail.ru Group, запусьціла для Android і iOS праграму для перапіскі «VK me». Пакуль «экспэрымэнтальная» праграма даступная толькі карыстальнікам зь Беларусі.

Асноўная функцыя праграмы — перапіска, а доступу да стужкі навінаў, музыкі, відэа і іншых разьдзелаў сацсеткі адтуль няма. Затое ёсьць магчымасьць пераводзіць грошы, рабіць аўдыё- і відэазванкі, а таксама некаторыя функцыі, якіх пакуль няма ў асноўнай праграме VK:

  • нябачны рэжым — у ім суразмоўца ня бачыць, ці ў сеціве карыстальнік і ці даўно быў онлайн;
  • перайменаваьне кантактаў — можна назваць суразмоўцу ў сьпісе кантактаў як заўгодна, а ня так, як той падпісаны ў сацсетцы;
  • фон для перапіскі — магчымасьць замяніць фонавую карцінку ў вакне чату;
  • самазьнішчэньне паведамленьняў — так званыя «фантом-чаты», у якіх паведамленьні зьнікаюць праз вызначаны час;
  • перапіска з кантактамі з тэлефоннай кнігі — калі чалавек не ў сябрах, то атрымае запрашэньне да перапіскі, а калі зусім не зарэгістраваны на VK, то прапанову зарэгістравацца.

Праграма «VK me» на момант публікацыі не пераключаецца на беларускую мову інтэрфэйсу (як і асноўная мабільная праграма VK), хоць вэб-вэрсія сацсеткі «ЎКантакце» перакладзеная і дасяжная і на афіцыйным, і на клясычным правапісе.

Паводле дасьледаваньня Акадэміі навук Беларусі, праведзенага ў канцы 2018 году, сацсеткамі карыстаецца амаль дзьве траціны беларусаў (64,6%). Самай папулярнай на момант дасьледаваньня была VK (зарэгістраваныя і карыстаюцца звыш 43% апытаных карысталіся ёй), сьледам ідуць «Аднаклясьнікі» (зарэгістраваныя 42,6%, карыстаюцца 36,6%, належаць той жа Mail.ru Group), за ёй Instagram (29,3% і 27,8%, належыць Facebook) і Facebook (22,7% і 15,3%).

Facebook ужо мае ўласную праграму для перапіскі, Messenger. Яна была запушчаная ў 2008 годзе, перапрацаваная ў 2010-м і выдадзеная асобным прыкладаньнем у 2011-м.

У адрозьнеьне ад «фантомных чатаў» VK me, у Facebook Messenger «сакрэтныя чаты» маюць такое шыфраваньне (end-to-end encryption), пры якім паведамленьне могуць прачытаць толькі ўдзельнікі перапіскі — сьцьвярджаецца, што сама сацсетка ня мае доступу да гэтых паведамленьняў.

Такая ж функцыя ёсьць у Telegram — мэсэнджэры ад Паўла Дурава, заснавальніка «ЎКантакце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG