Сэрвіс Google Maps працягвае публікаваць дэталёвы аналіз паводзінаў карыстальнікаў падчас пандэміі каранавірусу. Новая справаздача (PDF) ёсьць і пра Беларусь.
Паводле Google, па стане на 5 красавіка беларусы, калі параўноўваць са «звычайнымі паводзінамі», сталі:
- на 30% менш хадзіць у рэстарацыі, кавярні, забаўляльныя цэнтры, музэі, кінатэатры і бібліятэкі;
- на 4% менш хадзіць у крамы, на кірмашы і ў аптэкі;
- на 19% больш хадзіць у паркі і сквэры;
- на 25% менш карыстацца грамадзкім транспартам;
- на 9% менш знаходзіцца на працоўных месцах;
- на 3% больш знаходзіцца дома.
Тыдзень таму ў аналягічнай справаздачы не было такога прыкметнага падзеньня наведвальнасьці забаўляльных установаў (тады — толькі на 14%) і карыстаньня грамадзкім транспартам (тады — на 7%), затое быў істотны рост (на 41%) наведваньня паркаў і нават невялікі рост паходаў на працу (на 3%).
Зьвесткі тычацца ня кожнага чалавека ў сьвеце — толькі тых, хто карыстаецца сэрвісамі Google на смартфонах і не адключае гісторыі лякацыі.
Зьвесткі ананімныя. Іх публікуюць, каб дапамагчы ўладам ацаніць эфэктыўнасьць карантынаў і «сацыяльнага дыстанцыяваньня» (да заклікаў «заставацца дома» далучалася і Мінздароўя Беларусі, хоць карантыну ў краіне не абвяшчалі).
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.