Новыя выпадкі COVID-19 зарэгістравалі ў Лідзе і Мастах на Горадзеншчыне. Паправіліся 3 пацыенты з каранавірусам у вобласьці.
Галоўны дзяржаўны санітарны доктар Горадзенскай вобласьці Мікалай Кендыш паведаміў БелаПАН, што новыя выпадкі COVID-19 зарэгістравалі ў Лідзе і Мастах Горадзенскай вобласьці. У Мастах гаворка ідзе пра студэнтку, якая, як мяркуецца, прывезла гэтую інфэкцыю зь Берасьцейскай вобласьці. Як паведамляў лідзкі партал Bizlida.by, у Лідзе захварэў мужчына сталага веку.
Кендыш удакладніў, што ў 15 супрацоўнікаў з Астраўца пакуль «няпэўная сытуацыя», празь 7 дзён пасьля шпіталізацыі ім будуць рабіць паўторны тэст на каранавірус.
Агулам у вобласьці паправіліся 3 чалавекі: жанчына, якая прыляцела зь Італіі; дальнабойнік, які прыехаў са Швэцыі, і прадпрымальнік зь Іўя.
Агульную колькасьць выпадкаў хворых на каранавірус у вобласьці Мікалай Кендыш параіў спраўдзіць у Міністэрстве аховы здароўя.
«Працуем, як у складаных умовах эпідэміялягічнай сытуацыі. Мінімальную нагоду мы прафіляктуем, у тым ліку ў пад’ездах, грамадзкіх месцах, гандлі, грамадзкім харчаваньні; ва ўсіх аб’ектах сацыяльных, асабліва тых, дзе пажылыя людзі, праводзяцца прафіляктычныя захады: гэта раньняе лячэньне, ізаляцыя», — кажа галоўны санітарны лекар Горадзенскай вобласьці.
Зь ягоных словаў, на самаізаляцыі ў Горадзенскай вобласьці знаходзіцца каля 2 тысяч чалавек. Іх правярае міліцыя, некаторым ужо выпісалі пратаколы за тое, што іх у пэрыяд самаізаляцыі не было дома.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.