Пра выпадак заражэньня каранавірусам у Шумілінскім раёне стала вядома 3 красавіка.
Сын захварэлага Юрыя Магера Андрэй паведаміў Свабодзе, што яго бацька памёр 10 красавіка. Пахаваньне адбылося 11 красавіка, хавалі Юрыя ў закрытай труне.
«Як бацька мог заразіцца, я ня ведаю, — расказвае сын памерлага. — Ён меў хворыя ныркі. І яго зь мясцовага шпіталя вазілі ў Віцебск на дыяліз, на мэдычным аўтамабілі. Разам зь ім вазілі аналізы (хворых на каранавірус. — РС) у Віцебск. Бацька асабліва нікуды не выходзіў з дому, ён меў інваліднасьць».
Андрэй расказвае, што з бацькам бачыўся апошні раз 14 сакавіка. Яшчэ ў канцы сакавіка Юры Магер пачуваўся нармальна.
«Бацька нечым на дачы займаўся, працаваў, а ўвечары высокая тэмпэратура — і яго адразу забралі, зрабілі аналіз, — працягвае Андрэй. — Аналіз у маці таксама станоўчы, яна цяпер у шпіталі ў Шуміліне. Яе адразу ў Обаль вазілі, потым у Гарадок. У выніку назад у Шуміліна вярнулі. Мяне тады не было тут, я зьяжджаў у Расею. Калі бацька быў у шпіталі, мы размаўлялі па вайбэры. Ён такі чалавек, які заўсёды гаворыць, што ўсё нармальна, што ўсё добра».
Юрыю Магеру было 60 гадоў. Намесьніца старшыні Шумілінскага райвыканкаму Ірына Шалахава, якая ўваходзіць у мясцовы штаб барацьбы з распаўсюдам эпідэміі, камэнтаваць першы выпадак сьмерці ў Шумілінскім раёне адмовілася.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.