Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці прасіла рэнтген лёгкіх, але ў паліклініцы адмовілі. Цяпер у яе пацьвердзілі каранавірус»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як стала вядома Свабодзе, у сужэнцаў, якім у дзяржаўнай паліклініцы адмаўлялі рабіць рэнтген лёгкіх, выявілі двухбаковую пнэўманію. А ў жонкі пацьвердзілі каранавірус.

УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Пра гэты выпадак ужо пісала Свабода. 23 сакавіка ў 52-гадовага мужчыны ўзьнялася тэмпэратура і зьявілася слабасьць. Потым дадаўся кашаль, гарачка, зьнік нюх. Падобныя сымптомы сталі праяўляцца і ў ягонай жонкі. 30 сакавіка да іх на дом прыйшла лекарка, агледзела абаіх і сказала, што ім няма чаго непакоіцца.

Цяпер муж знаходзіцца ў тубэркулёзным дыспансэры з двухбаковай пнэўманіяй. А жонка — у 3-м шпіталі. У яе таксама двухбаковая пнэўманія, плюс станоўчы тэст на каранавірус.

І муж, і жонка змаглі трапіць у шпіталь толькі пасьля таго, як зрабілі кампутарную тамаграфію лёгкіх у платным мэдычным цэнтры. У паліклініцы № 27, куды яны зьвярталіся, лекары сказалі, што паказаньняў для рэнтгену не было. 4 красавіка жанчыне ў грубай форме адмовілі, маўляў, лёгкія ў парадку, гэта чуваць і без рэнтгену.

Заключэньне з прыватнага мэдцэнтру
Заключэньне з прыватнага мэдцэнтру

«Страшна, што іншыя людзі могуць паслухаць падобных лекараў», — расказаў Свабодзе іхны сын.

Ён лічыць, што калі б бацькі даверыліся парадам дактароў з паліклінікі, у іх магла б зацягнуцца пнэўманія і ў цяжкім стане іх давялося б падключаць да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

«Добра, што самі круціліся і заплацілі. Дзякуй Богу, усё ў парадку», — сказаў сын.

Тата зрабіў кампутарную тамаграфію па страхоўцы. Маці заплаціла 180 рублёў за працэдуру і кансультацыю.

Цяпер абое сябе добра адчуваюць. У маці лечаць пнэўманію, але дыханьне ў яе добрае і ўзровень кіслароду ў крыві ў норме. Бацьку таксама падоўжылі бальнічны, бо ў яго ўсё яшчэ пнэўманія. Некалькі тэстаў не пацьвердзілі ў яго каранавірусу.

Ягоныя бацькі адказна паставіліся да хваробы і яшчэ ад 23 сакавіка, калі ў бацькі падвысілася тэмпэратура, яны абое самаізаляваліся. У паліклініку і мэдцэнтар яны езьдзілі на машыне, паўсюль хадзілі ў масках.

«Калі да іх на дом прыходзіла доктарка, бацькі былі ў масках, а яна без. Супакойвала, каб бацькі не пераймаліся», — сказаў сын.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG