Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяцей сярод інфікаваных менш за 1%. Мінздароўя расказала пра пашырэньне каранавірусу ў Беларусі. ВІДЭА

абноўлена

Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя Беларусі ладзілі 10 красавіка чарговую прэс-канфэрэнцыю аб сытуацыі з пандэміяй каранавірусу і барацьбой з COVID-19 у Беларусі.

Намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан расказала, што пра памерлых паведамляе толькі тады, калі атрымлівае даведку пра сьмерць і патолягаанатамічнае заключэньне, бо «зьявілася некалькі пацыентаў», у якіх дыягнаставалі каранавірус, але цягам лячэньня вірус «элімінавалі», а пацыенты ўсё адно памерлі.

Дзяцей сярод інфікаваных менш за 1%, і ў дзяцей «ня бачылі нават сярэднецяжкіх формаў».

«Кантакты 1-га ўзроўню» цяпер шпіталізуюць толькі на 7 дзён, і цягам бягучага тыдня ў выпісаных «кантактаў» не было выяўлена ніводнага выпадку каранавіруснай інфэкцыі. «Кантактам» дазволілі быць дома ў самаізаляцыі пад назіраньнем участковай службы пры ўмове тэстаў на 1-ы, 7-ы, 12-ы і 13-ы дзень выпіскі. У такой самаізаляцыі будуць даваць ліст непрацаздольнасьці.

Ахвяраваньні на дабрачынны рахунак пералічылі 1310 чалавек і 210 кампаній, агулам з 24 сакавіка паступіла 3 937 777 рублёў і 78 461 эўра. У ліку найбуйнейшых ахвяравальнікаў — прыватныя кампаніі і дзяржаўныя прадпрыемствы. Грошы выдаткавалі на ахоўныя экраны (4 тысячы штук на 59 тысяч рублёў), камбэнізоны (100 тысяч на 984 тысячы рублёў), рэагенты для тэстаў (2 тысячы на 364 тысячы рублёў), паўмаскі-рэсьпіратары (20 тысяч на 72 тысячы рублёў), а таксама рознае мэдычнае абсталяваньне (87 тысяч рублёў).

Тэст-сыстэмаў цяпер у запасе 65 880, за апошнія суткі тэстаў на COVID-19 зрабілі 3992 у 13 лябараторыях. Агулам тэстаў з пачатку эпідэміі зрабілі 49 843. Тэсты з Кітаю толькі пачынаюць выкарыстоўваць, у Беларусі вырабляюць пакуль каля 1000 тэст-сыстэмаў на дзень.

Масак цяпер у Беларусі «ў мэдычнай сетцы» 2,5 млн, 176 тысяч рэсьпіратараў, 110 тысяч касьцюмаў. Як сказаў намесьнік міністра здароўя Барыс Андрасюк, «хацелася б больш».

Што адмовіліся казаць

Богдан адмовілася адказаць на пытаньне пра колькасьць пацыентаў у цяжкім і асабліва цяжкім стане, спаслаўшыся на «прынцыпы біяэтыкі».

На пытаньне, чаму з сайту БелТА прыбралі статыстыку па рэгіёнах (Міністэрства аховы здароўя само не дае такой статыстыкі), яна таксама не змагла даць адказу.

Яна пацьвердзіла, што ёсьць і інфікаваныя, і памерлыя мэдыкі, але адмовілася назваць іх колькасьць.

Богдан у тым ліку адмовілася раскрываць дэталі пра сытуацыю ў Докшыцкім раёне, спаслаўшыся на тое, што «надзвычайная сытуацыя ня ў нейкім асобным раёне, а ва ўсім сьвеце».

* * *

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 10 красавіка, пацьверджаны 1981 выпадак COVID-19, памерлі 19 чалавек, выпісаныя здаровымі 169, за суткі выяўлена 495 новых выпадкаў. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.

Днём раней міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік выступаў у Палаце прадстаўнікоў. Сярод іншага ён расказаў, чаму Беларусь не прыняла стратэгію стрымліваньня эпідэміі.

Аляксандар Лукашэнка ў той жа дзень заявіў, што «мы ўсе захварэлі на грып, назву яму новую прыдумалі, новы каранавірус і гэтак далей, не ўнікаючы ў сутнасьць».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG