Як падлічылі аналітыкі, рахунак ЗША да Кітаю за няслушныя дзеяньні на пачатковым этапе эпідэміі можа скласьці 1,2 трыльёна даляраў, піша «Голас Амэрыкі».
Менш чым за месяц больш за 5 тысяч грамадзян ЗША далучыліся да калектыўнай позвы, пададзенай у суд у Флорыдзе, аўтары якога патрабуюць ад кітайскага ўраду кампэнсацыі за шкоду, прычыненую COVID-19. Пазоўнікі сьцьвярджаюць, што панесьлі велізарныя страты праз халатнасьць Пэкіну, які дапусьціў распаўсюд каранавірусу па ўсім сьвеце. Падобныя групавыя позвы таксама былі пададзеныя ў суды ў Нэвадзе і Тэхасе.
«Наш пазоў тычыцца тых, хто фізычна пацярпеў у выніку ўзьдзеяньня вірусу... ён таксама тычыцца камэрцыйнай дзейнасьці Кітаю, зьвязанай з гандлем на рынках, дзе прадаецца мяса дзікіх жывёл», — заявілі прадстаўнікі юрыдычнай фірмы Berman Law Group у камэнтары «Голасу Амэрыкі».
Юрысты спасылаюцца на выключэньня ў дачыненьні «камэрцыйнай дзейнасьці» і «цялесных пашкоджаньняў» у адпаведнасьці з Законам аб імунітэце замежных сувэрэнных субʼектаў права (FSIA) у якасьці прававой падставы для прадʼяўленьня позвы Кітаю.
Па падліках брытанскага кансэрватыўнага аналітычнага цэнтру «Таварыства Генры Джэксана», патэнцыйны пазоў ЗША да Кітаю за шкоду ад каранавірусу можа скласьці 1,2 трыльёна даляраў.
У сваім новым дакладзе брытанскія аналітыкі напісалі, што Кітай патэнцыйна нясе адказнасьць за шкоду, нанесеную ў выніку няслушных дзеяньняў на раньнім этапе ўспышкі каранавірусу. Гаворка, у прыватнасьці, ідзе пра наўмыснае ўтойваньне інфармацыі ад Сусьветнай арганізацыі здароўя: аналітыкі называюць гэта парушэньнем Міжнародных мэдыка-санітарных правілаў.
«Таварыства Генры Джэксана» заклікае краіны падаваць у суд на Кітай, паказаўшы 10 розных прававых шляхоў для гэтага, уключаючы САЗ, Міжнародны Суд, Пастаянны арбітражны суд, суды ў Ганконгу і ЗША.
«Ня проста выкарыстаньне аднаго, а выкарыстаньне камбінацыі юрыдычных шляхоў можа стаць найбольш эфэктыўным спосабам дзеяньняў», — сказаў у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Эндру Фоксал, дырэктар дасьледаваньняў «Таварыства Генры Джэксана» і суаўтар справаздачы.
Зрэшты, на думку юрыста Дэвіда Фідлера з Вашынгтонскага ўнівэрсітэту ў Сэнт-Луісе, дзяржавы, у тым ліку ЗША, наўрад ці будуць падаваць афіцыйныя позвы супраць Кітаю ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.